«Беларусь як цэнтар зямлі». Зь ідышу пераклалі «самага эўрапейскага» аўтара Беларусі

«Пра што гэтая кніга? Я ня ведаю. Думаю, што і аўтар ня ведаў пра што» — так пра кнігу, аб якой пойдзе гаворка, напісаў пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч. А пісаў ён так пра кнігу, якую зусім нядаўна пераклаў зь ідышу на беларускую Сяргей Шупа.

З перакладчыкам размаўляюць Дзьмітры Гурневіч і Ян Максімюк.

Гурневіч: Сяргей, распавядзі, калі ласка, без спойлераў, як паўстаў раман «Мэсія з роду Эфраім»?

Шупа: Кніга была напісаная ў 1922 годзе. Аўтар, малады тады яшчэ чалавек, 26 гадоў, перажыў толькі што І сусьветную вайну, усялякія рэвалюцыйныя ўзбурэньні і ў Беларусі, і ў Літве, і ўцёк у Бэрлін, які на той час быў сталіцай сьвету, сталіцай культуры. І там знайшлося нямала такіх жа людзей, якія не маглі ад гэтага ўсяго адысьці, ад усіх жахаў вайны.

Тады ў літаратуры былі вельмі папулярныя апакаліптычныя, эсхаталягічныя матывы. Усе адчувалі, што вельмі моцна запахла канцом сьвета. І вось пад узьдзеяньнем бэрлінскай атмасфэры, людзей ацалелых ад гэтай катастрофы, якая толькі што пракацілася па Эўрпопе, спараджаліся такія думкі і ідэі, якія выліваліся ў такія творы.

Мэсія першы і другі

Максімюк: Давай пагаворым пра назву раману — «Мэсія з роду Эфраіма». Чаму тут надаецца значэньне роду? Ёсьць іншыя роды, якія прэтэндуюць на тое, што яны народзяць мэсію?

Шупа: Тыя, хто жыў у хрысьціянскай традыцыі або цікавіўся ёй, ведаюць, што быў мэсія з роду Давіда, ці, як яго называюць у Бібліі, сын Давідаў. Хрыстос ня быў канкрэтна сынам Давіда, але генэалягічна паходзіў з Давідавага роду. А ў габрэйскай міталёгіі ёсьць такое ўяўленьне, што перад мэсіям, які стане царом сьвету, і ўратуе ўсё жыцьцё на зямлі, мусіць прыйсьці папярэднік, мэсія зь іншага роду. Гэта мэсія аднаго з каленаў ізраільскіх, роду Эфраіма, і ён прынясе сябе ў ахвяру.

І толькі дзякуючы гэтай ахвяры можа прыйсьці той вялікі мэсія, які зоймецца канкрэтна ўратаваньнем сьвету. Я гэта ўсё тлумачу ў камэнтарах. Гэтая кніга пра гэтага папярэдніка мэсіі, які прыйшоў, каб ахвяраваць сабою для ўратаваньня.

Райсэн як цэнтар зямлі

Максімюк: А чаму той папярэднік мае зьявіцца акурат у Беларусі, як намякае Кульбак? У нейкім сэнсе беларускія габрэі былі больш рэлігійныя, чым польскія ці ўкраінскія? Чым іхная рэлігійнасьць адрозьніваецца?

Шупа: Асаблівасьці, безумоўна, былі. Але мушу сказаць яшчэ пра традыцыю эсхаталягічнай і мэсіянскай літаратуры. Кульбак зь яе моцна вырываецца. У гэтай кнізе ён парушыў усе стандарты, усе правілы і традыцыі гэтай літаратуры. Звычайна такая літаратура ў цэнтры зямлі і сусьвету ставіць Ерусалім, храм, які некалькі разоў разбуралі, і мэсію, які прыйдзе і адваюе Ерусалім. А ў Кульбака гэтая зямля абяцаная — Райсэн, то бок Беларусь на ідышы. Яго Ерусалім — гэта Беларусь. Усе галоўныя падзеі, якія адбывюцца ў сьвеце, і ў ягоным жыцьці, гэта зямля беларуская. Як тут, зь першага сказу, так і ва ўсёй творчасьці Кульбака.

Так званая беларуска-літоўская рэлігійнасьць (бо гэта, фактычна, адзін масіў), вельмі адрозьніваецца ад традыцыі ўкраінскіх габрэяў тым, што яна больш прагматычная і лягічная. З поўдня, з Украіны, прыходзіць рух хасыдызму, плынь юдаізму, якая засяроджаная на непасрэдным эмацыйным кантакце з Богам і сусьветам. Тут гэтыя матывы таксама ёсьць: людзі менш думаюць, але больш адчуваюць. А гэтая зямля і беларуская прырода давалі Кульбаку вельмі моцныя стымулы, каб гэтыя адчуваньні падкрэсьліць. Тое, што ўся беларуская зямля была наскрозь прапітаная габрэйскай крывёй і потам, дала яму магчымасьць заявіць, што наш цэнтар зямлі — тут.

Унікальны досьвед Кульбака

Мойшэ Кульбак з жонкай і сынам, Менск, 1929

Гурневіч: Для тых, хто чуе прозьвішча Кульбак упершыню, скажу, што ён нарадзіўся ў Смаргоні, а жыў паміж Вільняй і Менскам. Сяргей, ты цяпер казаў пра габрэйскую рэлігійнасьць, яе ў кнізе шмат. Ці не спалохаецца чытач такіх дэталяў і якое значэньне яны маюць у кнізе?

Шупа: Я скажу пра літаратурна-гістарычны кантэкст. Цэлы 1918 год Кульбак правёў у БНРаўскім Менску, пад нямецкай акупацыяй. У Менску ён дачакаўся прыходу бальшавікоў, так што стаў сьведкам усіх гістарычна-палітычных пераломаў. Фактычна ў Менску была напісаная асноўная маса твораў, якія ўвайшлі ў яго першую кніжку, што выйшла ў 1920 годзе ў Вільні. Гэта кніжка называецца «Вершы».

І ў Менску быў напісаны першы, вельмі моцны твор, паэма «Горад». Ясна пра які горад можна, седзячы ў Менску, напісаць. Яна падпісаная «Менск, 7 красавіка 1919 году», яшчэ пад бальшавікамі. Гэтая паэма настолькі неадназначная, моцная, што бальшавікі пасьля не маглі яе з творчасьці Кульбака выкрасьліць, але яны скарацілі гэтую паэму на 80%, і так яна дайшла да савецкага чытача. Насамрэч, гэта быў бадай самы моцны твор літаратуры, напісаны на тэрыторыі Беларусі ў 1919 годзе.

Для мяне Кульбак стаіць заўсёды побач з Гарэцкім. Яны і аднагодкі, і гэта ўжо постклясычная плынь, малодшыя браты Купалы і Коласа. Гарэцкі ў 1919 годзе ў Вільні, і Кульбак у 1919 годзе ў Вільні, куды ён абсалютна невядомымі шляхамі трапляе з бальшавіцкага Менску. Ён жыве там «пад палякамі», там адбываюцца пагромы, а ў жніўні 1920 прыходзяць саветы, сядзяць там месяц і аддаюць Вільню літоўцам. Вільня на месяц у 1920 годзе становіцца часткай Літоўскай Рэспублікі. І Кульбак, стомлены ўсім гэтым, уцякае на тры гады ў Бэрлін. Калі ў 1928 годзе, пасьля віленскага пэрыяду, ён вяртаецца ў Савецкую Беларусь і ўліваецца ў дружную сям’ю пісьменьнікаў Савецкай Беларусі, ён мае самы ўнікальны жыцьцёвы і пісьменьніцкі досьвед. Ён адзіны цэнтральнаэўрапейскі пісьменьнік, які жыве і творыць у Менску. Ён, фактычна, да канца сваіх дзён савецкім пісьменьнікам так і ня стаў, як сталі абсалютна ўсе пісьменьнікі Савецкай Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нечаканая кніжка, выцягнутая перакладчыкам зь цёмнай кладоўкі забыцьця»

36 праведнікаў

Максімюк: У мяне пытаньне да стылю гэтага раману да таго, як Кульбак перадае рэчаіснасьць. Габрэі ў гэтым рамане выглядаюць даволі прымітыўнымі, грубымі ў адносінах адзін з адным і са сьветам. Калі б сёньня беларускі аўтар такім чынам прадставіў беларусаў і беларускі характар, яго б зьмяшалі з адным вельмі непахучым рэчывам. І крытыкі, і чытачы. А Кульбак не баяўся так выстаўляць сваіх сапляменьнікаў. Як ты на гэта глядзіш?

Шупа: Першы пераклад гэтага рамана выйшаў у 1947 годзе ў Ізраілі на іўрыт. І гэты пераклад быў моцна цэнзураваны. Адтуль павыкідалі ўсё, што можа гэтыя пачуцьці, пра якія ты гаворыш, неяк абразіць. Але там ёсьць розныя матывы. Гэтыя людзі, 36 праведнікаў, гэта таксама фальклёрны габрэйскі матыў. Што ў кожным пакаленьні жыве 36 праведнікаў, на якіх трымаецца ўвесь сьвет. Яны ня столькі веліканы думкі, а самыя звычайныя людзі і можа быць нашмат больш грубейшыя, чым можна сабе ўявіць. Таму паказ іх вось такімі — гэта як раз у рамках традыцыі. Ніхто ў іх не распазнае выратавальнікаў сьвету.

Але там ёсьць яшчэ некалькі вельмі важных фігураў. Апрача мэсіі, ёсьць фігура Сімхі Плахты, гэта яшчэ адзін фальклёрны матыў, у габрэйскай традыцыі гэта звычайны Дон Кіхот, які вядзе змаганьне з усім дрэнным. Тут ён абсалютна іншы. Тут гэта герой, наконт якога пачынаеш сумнявацца, ці ён чалавек. Гэта нейкая хтанічная істота, якая адчувае еднасьць зь зямлёй, з прыродай. Пасьля ёсьць такі бадзяжны філёзаф Гімпэле, які ходзіць і сьпявае дурнаватыя песенькі і прыдумляе сваю філязофію.

Ён бязбожны і сьмелы. У ім, шмат у чым, пазнаюцца біяграфічныя ноткі характару самога Кульбака. І яны не выглядаюць грубымі, як ты кажаш. На іх ужо нельга пакрыўдзіцца і абразіцца. І яны трымаюць фактычна на сабе галоўную апавядальніцкую лінію.

Проза паэта

Ян Максімюк, Сяргей Шупа, Дзьмітры Гурневіч

Максімюк: Пытаньне пра сам пераклад. Ты сказаў, што Кульбак быў фактычна адзіным эўрапейскім пісьменьнікам у беларускай літаратуры, калі глядзець на яе як на шматмоўную літаратуру. Я з гэтым пагаджуся, бо такога стылю я не сустракаў у беларускіх пісьменьнікаў. У гэтым рамане адчуваецца выразны ўплыў нямецкага экспрэсіянізму. Самыя відныя яго прадстаўнікі — гэта Франц Вэрфэль, Макс Брод, Альфрэд Дзёблін. Гэта былі аўтары габрэйскага паходжаньня. Тут адчуваецца нейкая еднасьць падыходу да літаратуры, нават на генэтычным узроўні. Наколькі стыль Кульбака адрозьніваецца ад стылю іншых пісьменьнікаў, якія пісалі на ідышы, у больш-менш тую самую эпоху?

Шупа: Кульбак падышоў да гэтай кнігі, як паэт. Ён быў паэтам і раптам пачаў пісаць нешта накшталт прозы. Прозай у яе стандартным уяўленьні гэта лічыць наўрад ці можна, хоць гэта і ня ёсьць паэзія ў прозе. Ён ломіць усе правілы пісаньня прозы. Ён піша экспрэсіяністычна, ужывае нечаканыя мэтафары, нечаканыя параўнаньні. У яго кароткія фразы, складана-далучаныя, без аніякіх злучнікаў, гэтыя злучнікі дадумвае сам чытач. Я стараўся трымацца ягонага сынтаксісу, нідзе яго не папраўляў, не тлумачыў і не разгортваў. Ён як бы малюе. Іншы сказаў бы гэта адным сказам, а ён разьбівае на некалькі сказаў.

Ягоная проза вельмі жывапісная, блізкая да экспрэсіянізму ў жывапісе. Нездарма мы выбралі для вокладкі творы чалавека, які там жа, і ў тым жа часе зь ім жыў. Гэта мастак, які паходзіць з Украіны, гэта Ісахар Рыбак, які жыў у Бэрліне, пасьля ў Парыжы, і маляваў фактычна тое, пра што думаў Кульбак. Ты назваў некалькі імёнаў. Яны, фактычна, варыліся там у адным катле ў Бэрліне. Там было такое Раманішэс-кафэ, гэта была мастацка-літаратурная кавярня, дзе зьбіралася ўся сьмятанка мастацка-культурнага сьвету.

Містэрыя

Гурневіч: У адной з рэцэнзіяў я прачытаў, што гэты раман — гатовы сцэнар для тэатральнай пастаноўкі. Ці ты з гэтым згодны?

Шупа: Так, ужо ў адной з першых рэцэнзіяў на раман вядомага літаратурнага крытыка Макса Эрыка, ён напісаў, што гэта ніякі не раман, што раман будуецца паводле абсалютна іншых правіл. Гэта містэрыя. Ён таксама пабачыў там нешта драматургічна-тэатральнае. Містэрыя з асобных абразкоў, якія ствараюць такую мазаічную карціну. Што нейкія сюжэтныя лініі там ёсьць, але яны разьвіваюцца не паводле раманных правілаў. Таму я з гэтым згодны.

Незаслужана забыты

Мойшэ Кульбак

Гурневіч: Мойшэ Кульбака параўноўваюць з Бруна Шульцам, які стаў візыткай Драгобыча. Гэта твая другая кніга Кульбака, і не апошняя. Ці ты таксама маеш на мэце стварыць культ Кульбака і ягонага Менску, як Шульц і Драгобыч?

Шупа: Я з падазрэньнем стаўлюся да ўсялякіх параўнаньняў. Але відавочна, што гэтае месца, якое Кульбак меўся заняць у літаратуры Беларусі, яно сваёй пусткай вельмі моцна зеўрала. Гэта, напэўна, самы незаслужана забыты і недаацэнены пісьменьнік Беларусі. Ён увесь час вяртаўся да Беларусі, у ягоных тэкстах слова Беларусь гучыць вельмі часта, нават там, дзе, здавалася б, няма ў гэтым ніякай эстэтычнай патрэбы. Ён думаў маштабам усё Беларусі, як зямлі, да якой належыць ён і ягоная творчасьць.

Прэзэнтацыя кнігі пройдзе ў пятніцу, 20.12, у 18.30 у кнігарні «Сьветач», што на Паркавай.