Прэтэнзіі да Беларусі адклікаюцца, але непакой за будучыню ўнікальнага возера застаецца.
Экспэрты Інстытута праблем воднай гаспадаркі і мэліярацыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны прыйшлі да высновы, што асноўнымі прычынамі крытычнага абмяленьня валынскага возера Сьвіцязь сталі кліматычныя зьмены і неэфэктыўнае выкарыстаньне існай сыстэмы мэліярацыі.
«Найбольш важкім чыньнікам сталі зьмены клімату», — канстатавалі спэцыялісты. Паводле экспэртызы, выяўлена істотнае зьмяншэньне гідратэрмічнага каэфіцыенту, у выніку чаго парушаны балянс паступленьня і выпарэньня вады, што і прывяло да абмяленьня вадаёму.
Адмоўнае ўзьдзеяньне кліматычных чыньнікаў узмацніла і неэфэктыўнае функцыянаваньне фонду мэліярацыйнай сыстэмы, якую прызналі як зношаную і недасканалую для сучасных умоў. Экспэрты перакананыя ў неабходнасьці тэрміновых захадаў па мадэрнізацыі і рэканструкцыі існых мэліярацыйных сыстэмаў з арыентацыяй не на асушэньне, як цяпер, а на назапашваньне і пераразьмеркаваньне вады.
Адмыслоўцы выключылі нэгатыўны ўплыў на стан возера распрацоўкі ў Беларусі Хаціслаўскага крэйдавага радовішча. Але яны перакананыя, што гэта часова: у будучыні павелічэньне маштабаў здабычы крэйды на беларускай тэрыторыі можа прывесьці ня толькі да абмяленьня ўсёй групы Шацкіх азёраў на Валыні, але і да высыханьня ўсёй тэрыторыі Заходняга Палесься.
«Ужо сёньня водаадліў з кар’ера сваім аб’ёмам супастаўны з аб’ёмамі адбору з напорнага ваданоснага гарызонту. Далейшае паглыбленьне кар’ера непазьбежна прывядзе да значнага павелічэньня водаадліву, што вы́клікае інтэнсіўнае зьніжэньне ўзроўню грунтавых і падземных водаў і, як вынік, паскорыць працэс абмяленьня азёраў шацкай групы», — перакананыя экспэрты.
Высновы экспэртаў перададзеныя ў Валынскую абласную дзяржаўную адміністрацыю, якая мае намер ініцыяваць распрацоўку і ўхваленьне адмысловай дзяржаўнай праграмы аднаўленьня і аховы Шацкага паазер’я. Возера Сьвіцязь — найбольшае з 30 азёраў шацкай групы, уключанай у склад Шацкага нацыянальнага парку Ўкраіны.
У верасьні ўкраінскія адмыслоўцы пасьля наведваньня Хаціслаўскага радовішча ў Беларусі прыйшлі да папярэдняй высновы, што распрацоўка кар’ера ня мела ўплыву на зьніжэньне ўзроўню вады найглыбейшага ва Ўкраіне валынскага возера Сьвіцязь.
Хаціслаўскае радовішча крэйды і пяску месьціцца за 27 км ад украінскай Сьвіцязі пры самай мяжы. Здабываць крэйду там пачалі ў 2000-х гадах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе зь «Лебядзіным». Як унікальны менскі заказьнік зьмяншаюць дзеля дарагіх дамоў і рэстарана. МАПА