Пуцін: з Канстытуцыі можна прыбраць агаворку пра два прэзыдэнцкія тэрміны запар

Уладзімір Пуцін падчас прэсавай канфэрэнцыі 19 сьнежня 20120 году.

З расейскай Канстытуцыі можна было б выключыць агаворку пра тое, што адзін і той жа чалавек ня можа займаць прэзыдэнцкае крэсла два тэрміны запар. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на штогадовай прэсавай канфэрэнцыі.

«Што можна было б зрабіць датычна гэтых тэрмінаў — адмяніць агаворку „запар“. Ваш пакорны слуга два тэрміны адслужыў, потым сышоў з гэтай пасады і меў канстытуцыйнае права вярнуцца на пасаду прэзыдэнта. Таму што гэта было ўжо ня два тэрміны запар. [Гэтая агаворка] некаторых нашых палітолягаў, грамадзкіх дзеячаў бянтэжыць. Можна было б яе адмяніць, напэўна», — заявіў Пуцін.

Ён дадаў, што ў Канстытуцыі можна «так ці інакш» мяняць практычна ўсё, акрамя першага разьдзелу. У прыватнасьці, можна пашырыць правы парлямэнту. «Усё гэта можна рабіць пасьля добрай падрыхтоўкі і глыбокай дыскусіі ў грамадзтве, але вельмі акуратна», — сказаў Пуцін.

Згодна расейскай Канстытуцыі, адзін і той жа чалавек ня можа займаць прэзыдэнцкую пасаду больш за два тэрміны запар. Аднак закон дапускае перавыбраньне на трэці і чацвёрты тэрміны, калі паміж другім і трэцім быў перапынак.

Таксама ён сказаў, што ў будучыні паўнамоцтвы расейскага парлямэнту маглі б быць пашыраныя — каб ён «мог выконваць дадатковыя функцыі і несьці дадатковую адказнасьць».

Ідэя пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнта абмяркоўвалася ў Крамлі і раней, з тым, каб Пуцін, як лідэр парлямэнцкай большасьці, мог бы аставацца і далей на чале Расеі пасьля сыходу з пасады прэзыдэнта.

Пуціну таксама задалі пытаньне, ці не хацеў ён пасьля заканчэньня сваіх паўнамоцтваў як прэзыдэнта Расіі ўзначаліць «саюзную дзяржаву» Расеі і Беларусі. Расейскі прэзыдэнт ня стаў адказваць на гэтае пытаньне.

Кіраўнік камітэта Савету Фэдэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве Андрэй Клішас у сувязі з заявамі Пуціна сказаў, што агаворка «запар» у Канстытуцыі можа быць зьменена не рэдагаваньнем артыкулу, а рашэньнем Канстытуцыйнага суду:

«Канстытуцыйны суд можа даць адпаведнае тлумачэньне пункту 3 артыкулу 81 Канстытуцыі і без унясеньня зьмяненьняў у тэкст, калі паступіць адпаведны запыт», — сказаў Клішас Інтэрфаксу.

З нагоды магчымага пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнта ён заўважыў, што Дзярждума ўжо ініцыявала такую дыскусію некалькі разоў, але яна «не атрымала разьвіцьця ў грамадзтве».