Пінскага пісьменьніка і актывіста Паўла Ляхновіча затрымалі міліцыянты. Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная жонка, сам ён застаўся бяз сродкаў сувязі.
Як кажа жанчына, дагэтуль да іх ужо прыходзіў участковы, які настойліва рэкамэндаваў зьявіцца ў аддзяленьне міліцыі на гутарку. Прычыну не называў, губляліся ў здагадках і самі Ляхновічы — на нядаўніх менскіх акцыях яны не былі, на новыя не зьбіраліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі кіраўніка «Маладога Фронту», лідэр «Эўрапейскай Беларусі» — на АкрэсьцінаТады Павал Аркадзьевіч адказаў, што ня супраць запрашэньня, але запатрабаваў афіцыйную позву, прычым, каб абавязкова была напісаная па-беларуску.
Напярэдадні Ляхновіч вярнуўся зь Менску, дзе быў па літаратурных справах. А раніцай 19 сьнежня ў дзьверы пагрукаліся. Як расказала жонка пісьменьніка, на парозе стаялі тры міліцыянты, якія загадалі зьбірацца — маўляў, «трэба пагаварыць».
Сам Павал Ляхновіч перад адыходам сказаў жонцы, што калі раптам захочуць пасадзіць, то ён неадкладна абвесьціць галадоўку.
Пазьней стала вядома, што Ляхновіча адпусьцілі. Прычынай затрыманьня сталася інфармацыя пра акцыю 20 сьнежня ў абарону незалежнасьці, якую знайшлі ў яго на старонцы ў Фэйсбуку. Зь ягоных словаў, ніякіх камэнтароў на гэты конт ён ня даў.