Белы дом: Трамп упэўнены ў тым, што ён будзе цалкам апраўданы ў Сэнаце

Дональд Трамп, архіўнае фота

Прэс-служба Белага дома пракамэнтавала вынікі галасаваньня ў Палаце прадстаўнікоў, назваўшы абвяшчэньне імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа «кульмінацыяй... аднаго з самых ганебных палітычных эпізодаў у гісторыі нашай краіны». Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Белага дома Стэфані Грышэм, піша «Голас Амэрыкі».

«Не атрымаўшы ніводнага голасу ад рэспубліканцаў, ня даўшы ніводнага доказу правапарушэньняў, дэмакраты зацьвердзілі незаконныя артыкулы імпічмэнту супраць прэзыдэнта ў Палаце прадстаўнікоў», — гаворыцца ў заяве Белага дома.

Па словах Грышэм, на працягу ўсяго «фарсу з імпічмэнтам» дэмакраты адмаўлялі прэзыдэнту ў належных правах, якія яму дае закон. Кангрэсмэны «тайна правялі расьсьледаваньне за зачыненымі дзьвярыма, так што старшыня Адам Шыф і яго палітычныя паплечнікі маглі выбарачна зьліваць інфармацыю сваім партнэрам у СМІ для вядзеньня лжывай інфармацыйнай кампаніі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа аб імпічмэнце. Трамп абвінаваціў дэмакратаў у спробе перавароту

Грышэм лічыць, што «дэмакраты ня бачаць, што трэба краіне, у якой Кангрэс працуе ў інтарэсах народу. Бязьмежная варожасьць да прэзыдэнта Трампа распальвае іхнае жаданьне ануляваць вынікі выбараў 2016 году і неналежным чынам паўплываць на выбары ў 2020 годзе», гаворыцца ў заяве.

Прэзыдэнт Трамп «упэўнены, што Сэнат адновіць парадак, справядлівасьць і належныя прававыя працэдуры, якія былі праігнараваныя Палатай прадстаўнікоў», дадала Стэфані Грышэм. Кіраўнік дзяржавы, паводле яе, гатовы да наступных крокаў і «ўпэўнены ў тым, што ён будзе цалкам апраўданы».

Трампа абвінавачваюць у злоўжываньні паўнамоцтвамі

Абвінавачаньне грунтуецца на тым, што сёлета ўлетку адміністрацыя Трампа замарозіла вайсковую дапамогу Ўкраіне і адначасова з гэтым, як сьцьвярджаецца, Трамп і ягонае атачэньне спрабавалі пераканаць улады Ўкраіны расьсьледаваць дзейнасьць сына палітычнага праціўніка прэзыдэнта ЗША, дэмакрата Джо Байдэна.

Кіраўнік юрыдычнага камітэту Джэральд Надлер заявіў, што, затрымліваючы выдзеленую для Ўкраіны вайсковую дапамогу, Трамп «аслабляе хаўрусьніка, які прасоўвае інтарэсы амэрыканскай бясьпекі, змагаючыся з ворагам Амэрыкі». «А калі прэзыдэнт патрабуе, каб замежная дзяржава правяла расьсьледаваньне ў дачыненьні да ягоных ўнутрыпалітычных супернікаў, ён карумпуе нашы выбары», — дадаў Надлер. Рэспубліканцы і сам Трамп сьцьвярджаюць, што прэзыдэнт не парушыў закону. Яны кажуць, што мэтай дзеяньняў Трампа было заахвоціць Украіну змагацца з карупцыяй.

Другое абвінавачваньне зьвязана з адмовай адміністрацыі Трампа супрацоўнічаць з Кангрэсам пры правядзеньні расьсьледаваньня аб магчымасьці імпічмэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за імпічмэнт прэзыдэнта