Краіны Эўрапейскага зьвязу ў 2020 годзе прымуць больш за 30 тысяч уцекачоў. Такая колькасьць месцаў будзе прадастаўленая ў рамках праграмы перасяленьня перш за ўсё з крызісных рэгіёнаў сьвету, гаворыцца ў паведамленьні Эўракамісіі.
Прыярытэт у рамках праграмы атрымаюць мігранты з Турэччыны, Лібану, Ярданіі, краін Міжземнаморскага рэгіёну, Нігера і Руанды, удакладняе Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.
Паводле зьвестак Эўракамісіі, больш за 65 тысяч уцекачоў прыбылі ў краіны Эўразьвязу па праграме перасяленьня з 2015 году. Зь бюджэту ЭЗ краіны, якія прымаюць мігрантаў, атрымліваюць на кожнага зь іх 10 тысяч эўра ў якасьці фінансавай падтрымкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За пяць гадоў у сьвеце загінулі і прапалі бязь вестак больш за 32 тысячы мігрантаўЗа апошнія гады ў Эўропу з краін Афрыкі і Блізкага Ўсходу ўцяклі дзясяткі тысяч людзей. Многія зь іх загінулі, спрабуючы пераплыць Міжземнае мора. У 2019 годзе пры пераправе празь яго загінулі больш за 400 чалавек, у тым ліку дзеці.
Некаторыя краіны ЭЗ адмаўляюцца прымаць уцекачоў. Найбольш нелегальных мігрантаў прыняла Нямеччына. У рамках новай праграмы перасяленьня Нямеччына мае намер разьмясьціць яшчэ каля пяці тысяч мігрантаў, паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў гэтай краіны.