Да Новага году Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў пры падтрымцы кампаніі А1 выпусьціла мастацкі каляндар «Добрыя жарты». Адмысловыя малюнкі ілюструюць 13 беларускіх прыказак.
У распрацоўцы календара бралі ўдзел наведнікі менскага клюбнага дому «Адкрытая душа» — цэнтру рэабілітацыі для людзей з разладамі псыхікі.
Каб падрыхтаваць каляндар, адмыслоўцы клюбнага дому пераглядзелі каля 8 тысяч беларускіх прыказак і прымавак. Адабралі некалькі дзясяткаў, прапанавалі іх мастачцы Тацяне Быц. У выніку засталося 13.
На кожнай старонцы календара — жартаўлівы малюнак і прыказка ці народная мудрасьць: «Каваль куе, каваліха пяе», «Быў бы сад, а салаўі прыляцяць», «Гаспадарку весьці — не барадой трэсьці».
Каляндар ня пойдзе ў продаж, а будзе распаўсюджвацца празь менскі клюбны дом «Адкрытая душа». Падтрымаць яго наведнікаў можна, аказаўшы валянтэрскую ці спонсарскую дапамогу.
Паводле прадстаўніцы клюбнага дому «Адкрытая душа» Кацярыны Гузоўскай-Гары, толькі ў Менску больш за 19 тысяч чалавек з такімі разладамі. А ўсяго ў Беларусі такіх людзей прыкладна 101 тысяча, згодна з інфармацыяй Белстату. Але іх рэабілітацыяй пасьля лячэньня не займаюцца.
«Людзі часта трацяць веру, расчароўваюцца ў жыцьці. Адна з самых вялікіх праблем людзей з псыхічнымі разладамі — яны баяцца апавядаць пра сябе. На жаль, у краіне няма дзяржаўных праграмаў рэабілітацыі. І мы спрабуем дапамагчы такім людзям. Да нас ў клюбны дом прыходзяць каля 200 чалавек. Існуем мы на ахвяраваньні. Таму ствараем розныя праекты, шукаем падтрымку. З календаром нам пашанцавала — нас падтрымала кампанія А1, адгукнуўся лідэр этна-трыё „Троіца“ Іван Кірчук», — расказала Кацярына Гузоўская-Гара.
Кіраўнік групы карпарацыйнай сацыяльнай адказнасьці А1 Віктар Пазьнякоў кажа, што тэма беларускае мовы, беларускае культуры ягонай кампаніі вельмі блізкая.
«А прапанова „Адкрытай душы“ нас вельмі зачапіла. Клюбны дом робіць вельмі каштоўную справу.
Лічба 8 тысяч прыказак мяне вельмі ўразіла, уяўляю, як цяжка было адабраць з такой колькасьці толькі 13 прыказак. Мастачцы Тацяне Быц удалося спалучыць народныя матывы і авангард. Каляндар мы зрабілі талакой, і гэта вельмі важна. Мая ўлюбёная прыказка з гэтага календара „У родным краю ўсё як ў раю“, — кажа Віктар Пазьнякоў.
Ідэю падтрымаў адзін з самых вядомых дасьледнікаў беларускага фальклёру — лідар этна-трыё „Троіца“ Іван Кірчук.
„Добрыя жарты “ — ня проста мастацкі каляндар, а зборнік народных прыказак. Фальклёр продкаў — калодзеж мудрасьці. Кожны падобны праект ці канцэрт для мяне — рытуальная споведзь, да якой я сур’ёзна рыхтуюся», — прызнаецца музыка.
Іван Кірчук падчас прэзэнтацыі календара паказаў свой монаспэктакль «Дарожка мая», створаны на аснове народных песень.