Вольга Севярынец, жонка арганізатара апошніх акцый супраць «паглыбленай інтэграцыі», расказала Свабодзе, што Паўла затрымалі, як толькі ён выйшаў з дому.
Учора Севярынец паведамляў Свабодзе, што яго на сеньня выклікаюць ў Фрунзенскі РУУС за акцыю 7 сьнежня.
Вольга Севярынец кажа, што звычайна ён ператэлефаноўвае, каб паведаміць, што ўсё добра, за ім ня сочаць і не перасьледуюць. Так было і гэтым разам. Але літаральна праз хвіліну ён зноў выйшаў на сувязь, пасьпеўшы сказаць, што яго «круцяць» байцы АМАПУ. У гэты час ў слухаўцы ўжо гучала фонам музыка з салёну аўтамабіля. Тэлефон Паўла адключаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разьлічваем на значна больш удзельнікаў». Апазыцыя абнародавала плян пратэстаў 20 і 21 сьнежняПаводле Вольгі Севярынец, дагэтуль мужа затрымлівалі праваахоўнікі ў цывільным, але гэтым разам чамусьці падключыліся байцы ў поўнай амуніцыі.
Затрымалі таксама каардынатара грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага. Ён пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды. «Мяне вязуць у нейкі РУУС, ня кажуць, які» — пасьпеў сказаць актывіст і сувязь зь ім абарвалася.
На 20-21 сьнежня апазыцыя ананасавала чарговую акцыю супраць інтэграцыйных пагадненьняў з Расеяй. Напярэдадні больш за два дзясяткі чалавек былі выкліканыя позвамі ў міліцыю дзеля складаньня пратаколаў за ўдзел у шэсьцях і мітынгах 7-8 сьнежня. Паўла Севярынца ў гэтым сьпісе не было, але ён непасрэдна курыраваў абедзьве акцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першага беларускага амбасадара хочуць судзіць за акцыю супраць «паглыбленай» інтэграцыіПрадстаўніца МУС Вольга Чамаданава паведаміла Свабодзе, што інфармацыяй наконт затрыманьня Севярынца пакуль не валодае.