Суд Гомельскага раёну разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні да былых службовых асобаў арганізацый жыльлёва-камунальнай гаспадаркі за карупцыйныя злачынствы, паведамляе прэс-служба абласнога суду.
- дырэктар КЖУП «Буда-Кашалёўскі камунальнік» — асуджаны 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму (за перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў і атрыманьне хабару);
- дырэктар ПГУП «Сьвятлацень» — на 2 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму (за даваньне хабару);
- галоўны інжынэр КЖРЭУП «Чыгуначнае» — на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму (за атрыманьне хабару).
Як гаворыцца на сайце суду, у жніўні 2017 году экс-кіраўнік «Буда-Кашалёўскага камунальніка» паабяцаў дырэктару прадпрыемства «Сьвятлацень» за падзяку 10% ад сумы дамоваў выбраць яго прадпрыемства ў якасьці пастаўшчыка з заключэньнем адпаведных дамоваў паставак і саступак патрабаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікоў раённых ЖКГ у Менску асудзілі на 10 і 6 гадоў калёнііЗь лістапада 2017 па кастрычнік 2018 году дырэктар «Буда-Кашалёўскага камунальніка» атрымаў, паводле дамоўленасьці, 18 тысяч рублёў хабару, а «Сьветлацень» паставіў камунальнікам прадукцыі на суму больш за 290 тысяч рублёў, «па значна завышаным кошце». Прадпрыемству нанесены ўрон звыш 138,7 тысяч рублёў.
Вясной 2017 году дырэктар «Сьвятлаценю» дамовіўся з галоўным інжынэрам «Чыгуначнага» пра пастаўку сьвяцільнікаў. За выкананьне дамоўленасьцяў ён перадаў галоўнаму інжынэру хабар — тэлевізар «Supra» коштам ня менш за 450 рублёў. Пазьней галоўнаму інжынэру перадалі ня менш за 1 800 рублёў хабару за выбар «Сьвятлаценю» у якасьці пастаўшчыка тавараў «Чыгуначнаму».