Галоўны падазраваны ў арганізацыі і забойстве журналіста Паўла Шарамета Андрэй Антоненка працягве настойваць на сваёй недатычнасьці да гэтага злачынства.
«Я не датычны да забойства Паўла Шарамета і ні ў чым не вінаваты, што б там не казалі людзі зьверху. Гэта ўсё хлусьня! Цалкам, ад першай літары», — напісаў арыштаваны да 8 лютага музыка і вайсковец Андрэй Антоненка.
Ягоную запіску з ізалятару на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала арганізатарка музычных конкурсаў Rock Battle UA Паліна Іванова.
«Я ўдзячны маці Паўла Шарамета за тое, што яна ж ня хоча, каб пацярпелі невінаватыя людзі. З павагай да ўсіх і з спачуваньнем да маці Паўла Шарамета», — падпісаў сваю запіску падазраваны Андрэй Антоненка.
17 сьнежня ў Галоўным сьледчым упраўленьні Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны паведамілі, што перадалі адвакатам на вывучэньне частку матэрыялаў крымінальнай справы, «за выключэньнем тых, выдаваньне якіх можа перашкодзіць правядзеньню расьсьледаваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіцячы хірург, кантрактнік, валянтэрка. Што вядома пра падазраваных у забойстве ШараметаНа мінулым тыдні ва Ўкраіне затрымалі траіх падазраваных у арганізацыі і забойстве Паўла Шарамета — музыку і вайскоўца Андрэя Антоненку (нібыта ён арганізаваў злачынную групу для забойства журналіста); дзіцячага кардыяхірурга, валянтэрку Юлію Кузьменка (нібыта падкладвала разам з Антоненкам выбухоўку пад аўтамабіль і дыстанцыйна прывяла яе ў дзеяньне) і вайсковую мэдсястру Яну Дугар (нібыта зьбірала інфармацыю пра графік перамяшчэньняў Паўла Шарамета і фіксавала месцы разьмяшчэньня камэр вонкавага назіраньня паблізу і на месцы злачынства).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шакавалі, але не пераканалі. Як ва Ўкраіне адрэагавалі на вынікі расьсьледаваньня справы Паўла ШараметаРаней украінскія правахоўнікі арыштавалі яшчэ дваіх добраахвотнікаў — мужа і жонку Ўладзіслава і Іну Грышчанкаў, якіх таксама палічылі датычнымі да забойства Шарамета. Але ім пакуль не абвясьцілі пра падазрэньні ў гэтай справе — яны былі арыштаваныя праз абвінавачаньне ў замаху на забойства шляхам падрыву аўтамабіля ў Івана-Франкоўскай вобласьці.
Журналісты праекту «Слідство.інфо», які ад пачатку адсочвае сьледзтва ў справе Паўла Шарамета і ў 2017 годзе прэзэнтавала фільм аб выніках альтэрнатыўнага расьсьледаваньня, прааналізавалі перададзеныя сьледчымі паліцыі доказы. Яны атрымалі заключэньне экспэртызы, на падставе якой ідэнтыфікавалі ўсіх затрыманых падазраваных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці Паўла Шарамета пра арышты ў Кіеве: «Баюся, каб не пацярпелі невінаватыя»«Чацьвёра экспэртаў, у тым ліку іншаземны, супярэчаць адзін аднаму: псыхалягічная экспэртыза кажа, што людзі на відэа ідэнтычныя, партрэтная экспэртыза ня можа іх назваць ідэнтычнымі, а экспэртыза паходкі лічыць доказы «ўмоўна дастатковымі», — паведамляюць журналісты «Слідство.інфо».
Паводле іх, яшчэ адна экспэртыза, якую рабіў замежны адмысловец, увогуле ставіць пад сумнеў вынікі расьсьледаваньня. У заключэньні замежны экспэрт прыйшоў да высновы, што ўсе дзеяньні ў падрыхтоўцы і выбуху магла зрабіць адна жанчына, а паліцыя арыштавала дзьвюх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не магу паверыць, што ўсё гэта адбываецца са мной» – другую падазраваную ў забойстве Шарамета ўзялі пад варту«У гэтым дакумэнце няма адназначнай высновы, што людзі на відэа і падазраваныя — тыя самыя асобы. А адно з заключэньняў, спасылаючыся на кепскую якасьць відэа, ня можа ідэнтыфікаваць лекарку і жанчыну-кілера як адну асобу», — адзначаюць журналісты.
У той жа час колішні журналіст інтэрнэт-выданьня «Українська правда» Сяргей Лешчанка перакананы, што дадзеныя сьледзтвам доказы датычнасьці затрыманых да забойства зьяўляюцца дастатковымі і бясспрэчнымі. Паводле яго, гэтыя затрыманьні сьведчаць дазваляюць сьледзтву выйсьці на сьлед спэцслужбаў у гэтым забойстве. У прыватнасьці, Сяргей Лешчанка сьцьвярджае, што сямейная пара Грышчанак «знаходзілася ў пэўных кантактах з СБУ, і менавіта гэтая спэцслужба садзейнічала іхнаму выезду з Кіева ў Дніпро ў ноч перад забойствам Паўла Шарамета.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Велічнасьць арыйскай расы? У мяне дзед — польскі габрэй». Пад варту ўзялі трэцяга падазраванага ў забойстве Паўла Шарамета«На маё суб’ектыўнае перакананьне, якое грунтуецца на інфармацыі зь сярэдзіны сьледзтва і інфармацыі, якая пакуль не абнародаваная, тут гаворка можа ісьці пра СБУ», — дадаў Сяргей Лешчанка.
Павал Шарамет нарадзіўся ў Менску 28 лістапада 1971 году, ад сярэдзіны 1990-х працаваў на тэлевізіі, у друкаваных выданьнях і на інтэрнэт-рэсурсах Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Загінуў 20 ліпеня 2016-га, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе перад гэтым жыў апошнія пяць гадоў. 12 сьнежня Нацыянальная паліцыя Ўкраіны абвясьціла пра арышт асобаў, датычных да яго забойства.