Тэмпэратурныя рэкорды дня за ўвесь пэрыяд назіраньняў абноўленыя 16 сьнежня на ўсіх мэтэастанцыях Гомельскай вобласьці, сьведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз архіву Белгідрамэту.
Цяплей за ўсё было ў Брагіне і Жыткавічах, дзе тэрмомэтры паказвалі 8,7 градуса вышэй за нуль — ранейшыя максымумы ў 2006 годзе складалі 8 і 6,8 адпаведна.
У Мазыры паветра прагрэлася да 8,4 градуса (было 7,3 у 2006-м), у Гомлі — да 8,1 градуса (7,8 у 2017-м), Васілевічах — да 8 градусаў (7,5 у 2006-м ), Жлобіне — да 7,7 градуса (7,6 у 2006-м).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінаград і кавуны, мінус месяц зімы. Што будзе зь беларускім кліматам праз 20-30 гадоўЯшчэ адзін рэкорд адзначаны на мэтэастанцыі «Палеская» ў Лунінецкім раёне Берасьцейшчыны: 7,8 градуса супраць 6,9 у 2014 годзе.
Зрэшты, рэкорд дня для ўсёй тэрыторыі краіны ўсё ж выстаяў: 16 сьнежня 2006-га было зафіксавана 9,4 градуса цяпла ў Сянно на Віцебшчыне.
У наступныя дні, згодна з прагнозам сыноптыкаў, цёплае надвор’е захаваецца. 17 сьнежня ў Менску чакаецца 4-6 градусаў вышэй за нуль. Рэкорд дня ў сталіцы пакуль што зарэгістраваны ў 1972 годзе, ён склаў 5,1 градуса.