Прарасейскія баевікі не спыняюць абстрэлаў, нягледзячы на дамоўленасьці «нармандзкай чацьвёркі» 

Наступствы баявых дзеяньняў на Данбасе

У зоне баявых дзеяньняў на Данбасе баевікі працягваюць абстрэлы украінскіх пазыцый. У выніку адзін вайсковец загінуў, яшчэ два атрымалі раненьні, паведамляе Hromadske.TV.

У штабе апэрацыі Аб’яднаных сілаў праінфармавалі, што напярэдадні баевікі стралялі зь мінамётаў калібру 82 мм, гранатамётаў розных сыстэмаў, буйнакалібэрных кулямётаў і стралковай зброі. 15 сьнежня абстрэлы працягнуліся: у раёне Луганскага працавалі станковыя процітанкавыя гранатамёты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля саміту ў Парыжы Зяленскі назваў Пуціна «складаным перамоўнікам», Пуцін сказаў пра «пацяпленьне стасункаў»

9 сьнежня ў Парыжы адбылася сустрэча лідэраў «нармандзкай чацьвёркі» дзеля ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данбасе, падчас якой бакі дамовіліся:

  • разьвесьці войскі ў трох раёнах да сакавіка 2020 году
  • зрабіць абмен палоннымі да канца гэтага году
  • цалкам спыніць агонь да канца 2019 году
  • падоўжыць дзейны закон аб асаблівым статусе для Данбасу
  • пашырыць мандат місіі АБСЭ

Нявырашанымі засталіся пытаньні правядзеньня мясцовых выбараў на Данбасе, аднаўленьня Ўкраінай кантролю над мяжой і адносна транзыту газу.