Ратавальнікі ўдзень 13 сьнежня знайшлі на згарэлым расейскім крэйсэры «Адмірал Кузьняцоў» цела другога загінулага. Такім чынам, на гэты момант пацьверджана сьмерць двух чалавек, 14 чалавек пацярпелі.
Каля 5-й раніцы 13 сьнежня адкрытае гарэньне было зьліквідавана. Плошча пажару склала 500 кв. мэтраў, паведамілі ТАСС у экстраных службах.
Пажар на авіяносцы «Адмірал Кузьняцоў» здарыўся днём 12 сьнежня.
Як піша «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы, прычынай пажару стала пападаньне зварачнай акаліны на кінутае ў труме сьмецьце. Паколькі адходы збольшага складаліся з праалеенага рызьзя і пілавіньня, якімі выціраюць разьлітыя падчас рамонту змазачныя матэрыялы і распушчальнікі, сьмецьце ўспыхнула імгненна. Хуткаму распаўсюду агню і дыму спрыялі скразьнякі і вэнтыляцыя.
Па факце здарэньня заведзеная крымінальная справа аб парушэньні правілаў бясьпекі.
- Цяжкі крэйсэр-авіяносец «Адмірал Кузьняцоў» — адзіны авіяносец у складзе расейскага флёту. Ён уведзены ў эксплуатацыю ў 1991 годзе, браў удзел у вайсковай апэрацыі Расеі ў Сырыі. У 2017 годзе, калі крэйсэр вяртаўся з Міжземнага мора, дзе ўдзельнічаў у сырыйскай апэрацыі, адбылася аварыя — ён страціў два зьнішчальнікі пры заходзе на пасадку. Пасьля гэтага «Адмірал Кузьняцоў» прыбыў у Севераморск на рамонт. У 2018 годзе плывучы док, у якім ён рамантаваўся, патануў.