Пячэрскі раённы суд Кіева атрымаў тры хадайніцтвы абвінавачаньня аб арышце трох падазраваных у забойстве журналіста Паўла Шарамета — музыкі і вайскоўца Андрэя Антоненкі, дзіцячага хірурга і валянтэрку Юліі Кузьменкі і вайсковай мэдычнай сястры, валянтэркі Яны Дугар. Двое іншых падазраваных — Уладзіслаў і Іна Грышчанкі былі арыштаваныя раней паводле іншых крымінальных спраў.
Суд разглядае ўсе тры хадайніцтвы па-асобку.
Першым разглядалася хадайніцтва аб хатнім арышце Яны Дугар. У суд 26-гадовую валянтэрку прыйшла падтрымаць дэпутатка фракцыі Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» Яна Зінкевіч. Яна прасіла суд дазволіць узяць падазраваную на парукі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіцячы хірург, кантрактнік, валянтэрка. Што вядома пра падазраваных у забойстве ШараметаКалі суд высьвятляў асобу Яны Дугар, падазраваная паведаміла суду, што мае дзяржаўныя ўзнагароды — адзнаку Пашаны і ордэн «За мужнасьць». Пракурор патрабаваў ад суда ўхваліць рашэньне аб правядзеньні судовага пасяджэньня ў закрытым рэжыме, бяз удзелу прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Але суд адмовіўся задавальніць гэтую заяву абвінавачаньня.
«Дасудовым расьследаваньнем устаноўлена, што Антоненка Андрэй Сяргеевіч, захапіўшыся ўльтранацыяналістычнымі ідэямі, культывуючы велічнасьць арыйскай расы,... вырашыў стварыць арганізаваную групоўку, каб у яе складзе ўчыніць забойства Паўла Шарамета. Ажыцьцяўляючы злачынны намер, ён знайшоў і далучыў да групоўкі Яну Дугар і Юлію Кузьменку», — паведаміў пракурор, абгрунтоўваючы неабходнасьць арышту Яны Дугар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шакавалі, але не пераканалі. Як ва Ўкраіне адрэагавалі на вынікі расьсьледаваньня справы Паўла ШараметаПаводле абвінавачаньня, Яна Дугар зьбірала інфармацыю пра графік перамяшчэньняў Паўла Шарамета, а таксама фіксавала месцы разьмяшчэньня камэр зьнешняга назіраньня паблізу і на месцы злачынства. Пракурор прасіў абраць для падазраванай кругласутачны хатні арышт, нягледзячы на тое, што паводле заканадаўства, ёй пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне. У такіх выпадках падазраваных заўсёды арыштоўваюць на безальтэрнатыўнай аснове з утрыманьнем у сьледчым ізалятары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калінкіна: «Я б не сказала, што справа забойства Шарамета раскрытая»У сваю чаргу адвакаты перадалі судзьдзі дакумэнты, якія сьведчаць аб тым, што ў час, калі нібыта рыхтавалася злачынства, іхная падабаронная знаходзілася за межамі Ўкраіны. Паводле юрыста, Яна Дугар знаходзілася ў Румыніі і Італіі з 16 чэрвеня па 13 ліпеня, пры гэтым у матэрыялы справы ўключаны нібыта яе фотаздымак, зроблены 11 ліпеня на месцы будучага злачынства, а ў момант забойства знаходзілася на тэрыторыі закрытай вайсковай часткі на ўсходзе Ўкраіны.
Апроч таго, дадаў адвакат, яе затрымалі ў Львове 12 сьнежня ўвечары, але адпаведны пратакол аб гэтым ня быў складзены, што ёсьць парушэньнем працэсуальнага заканадаўства.
Вывучыўшы дакумэнты абвінавачаньня і абароны, суд пастанавіў: абраць меру стрыманьня для Яны Дугар - зьмяшчэньне пад кругласутачны хатні арышт да 8 лютага.
У справах двух фігурантаў адводзяць судзьдзю
Як і на судовае пасяджэньне папярэдняй фігуранткі, на разгляд аб абраньні меры стрыманьня для Юліі Кузьменкі прыйшла вялікая колькасьць ейных сяброў і калег. У залю яе прывёў канвой і разьмясьціў у ізаляваны шкляны бокс (Яна Дугар у часе разгляду пытаньня аб хатнім арышце сядзела побач са сваімі адвакатамі – РС). Але пасьля адпаведнай заявы адваката, суд дазволіў ёй знаходзіцца побач са сваімі абаронцамі.
Адвакат патрабаваў адводу судзьдзі, матывуючы канфліктам інтарэсаў – як высьветлілася, менавіта гэты судзьдзя ў 2013 годзе ўхвальваў рашэньне супраць Юліі Кузьменкі як актывісткі Эўрамайдану. Апроч таго, абаронца быў абураны адмовай судзьдзі дапытаць двух важных сьведкаў - непасрэднага кіраўніка падазраванай і яе былога мужа, зь якім яна на момант забойства Паўла Шарамета была ў шлюбе, абодва мусілі пацьвердзіць ейнае алібі.
Судзьдзя задаволіў гэтае хадайніцтва і пайшоў на наступнае пасяджэньне да трэцяга фігуранта справы Андрэя Антоненкі. Але і на гэтым пасяджэньні адвакаты абвінавачанага заявілі яму адвод.
У справе Юліі Кузьменкі прызначаны новы судзьдзя, які мае ацаніць падставы для адводу папярэдняга судзьдзі і ўхваліць канчатковае рашэньне. У справе Андрэя Антоненкі – судзьдзя пайшоў у дарадчы пакой вырашаць хадайніцтва аб сваім адводзе.
Усе тры справы разглядае адзін судзьдзя – Сяргей Воўк, які мае адыёзную рэпутацыю. У часе Эўрамайдану ён выносіў абвінавальныя выракі адносна актывістаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах.