Сёньня на пленарным пасяджэньні Кіеўскай гарадзкой рады дэпутаты вырашылі назваць сквэр у цэнтры гораду ў гонар Паўла Шарамета. Імя забітага журналіста будзе насіць зялёная зона на скрыжаваньні вуліц Рэйтарская і Стралецкая. Адпаведны зямельны ўчастак у Шаўчэнкаўскім раёне быў абраны паводле папярэдняй дамоўленасьці са сваякамі Шарамета.
«Павал Шарамет быў вядомым журналістам ня толькі ва Украіне, ён працаваў у Беларусі, дзе быў народным улюбёнцам і, адначасова, ворагам Лукашэнкі. Праз гэта ён быў вымушаны паехаць у Расею, дзе доўгі час працаваў, асьвятляючы вайну ў Чачні. Потым у 2013 годзе, у часе Рэвалюцыі Годнасьці, ён пачаў працаваць у Кіеве. Павел заўсёды выбіраў свабоду і плаціў за яе вельмі дарагую цану. Сёньня ўкраінцы таксама плацяць за свабоду дарагую цану. Гэты сквэр будзе не імя Паўла Шарамета, а сквэр вольнага чалавека, які заплаціў за свабоду, які ацаніў гэтую свабоду», — сказала галоўны рэдактарка выданьня «Украінская праўда» Сэўгіль Мусаева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіцячы хірург, кантрактнік, валянтэрка. Што вядома пра падазраваных у забойстве ШараметаГрамадзкае абмеркаваньне пытаньня аб прысваеньні сквэру імя Паўла Шарамета прайшло з 19 сакавіка па 19 траўня 2019 году на афіцыйным партале Кіеўскагай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі. 81% грамадзян падтрымалі гэтую ідэю, 19% былі супраць. Усяго ў галасаваньні ўзялі ўдзел 113 чалавек.
44-гадовы ўраджэнец Менску журналіст Павал Шарамет, які працаваў у СМІ Беларусі, Расеі і Ўкраіны, загінуў 20 ліпеня 2016 году, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў. 12 сьнежня 2019 году Нацыянальная паліцыя Ўкраіны абвясьціла пра падазраваных у ягоным забойстве.