Удвая ўзрасла летась падлеткавая злачыннасьць, зьвязаная з інтэрнэтам, рост працягнуўся ў 2019 годзе. Паводле зьвестак Генэральнай пракуратуры і Міністэрства ўнутраных справаў, сёлета больш падлеткаў учынілі кібэрзлачынствы. Таксама пабольшала непаўналетніх ахвяраў такіх злачынстваў.
Пра гэта казалі 12 сьнежня ў Доме прэсы экспэрты ў кібэрзлачынствах сярод непаўналетніх.
Калі ў 2017 годзе 37 падлеткаў пацярпелі ад злачынцаў у інтэрнэце, дык праз год пацярпелі ўжо 98 непаўналетніх. Сёлета пацьвердзілася трывожная тэндэнцыя: за першую палову году пацярпеў 81 падлетак, зь іх 12 маладзейшыя за 14 гадоў, — кажа начальнік аддзелу нагляду за выкананьнем законаў аб непаўналетніх і моладзі Генэральнай пракуратуры Беларусі Аляксей Падвойскі.
У 2018 годзе падлеткі ўчынілі 55 злачынстваў у інтэрнэце, а сёлета такіх правапарушэньняў ужо 137. Пра гэта кажа Кірыл Вяткін з управы раскрыцьця злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгіяў Міністэрства ўнутраных справаў.
Рэкорд паставіў падлетак, якому яшчэ ня споўнілася 14 гадоў: праз шкадлівую праграму ён здолеў узламаць уліковыя дадзеныя і атакаваць гандлёвыя інтэрнэт-пляцоўкі. Крымінальная адказнасьць за крадзяжы з дамапогаю кампутарнае тэхнікі наступае з 14 гадоў, нагадаў міліцыянт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінаватая агрэсіўная рэкляма? Беларускіх падлеткаў сталі ўдвая часьцей лавіць на наркотыкахЯкія злачынствы падлеткі робяць у інтэрнэце?
Пра гэта расказаў начальнік аддзелу арганізацыі працы інспэкцыяў у справах непаўналетніх МУС Сяргей Янкоўскі.
- Праз выкарыстаньне чужых банкаўскіх картак, звычайна згубленых альбо скрадзеных, маладыя злачынцы папаўняюць балянсы электронных гаманцоў, электронных сэрвісаў аплаты, уліковых запісаў у онлайн-гульнях. Гэтаксама аплочваюць тавары ў сетках хуткага харчаваньня альбо ў іншых аб’ектах на суму, ня большую за вызначаны ліміт аплаты без пін-коду.
- Завалодваюць канфідэнцыйнай інфармацыяй праз несанкцыянаваны доступ да чужых зьвестак (звычайна таксама падлеткаў) і могуць умяшацца ў прыватнае жыцьцё, займаюцца гэтак званым «кібэрбулінгам» — зьнявагамі, сыстэматычным цкаваньнем, што можа давесьці ахвяру да самагубства.
- Крадуць грошы праз чужы мабільны тэлефон. Звычайна падлетак бярэ тэлефон у знаёмага ці сябра-раўналетка, нібыта каб пазваніць, а сам афармляе мікразаём на суму да 100 рублёў і пераводзіць грошы на балянс у сваім тэлефоне альбо на банкаўскую картку.
- Злачынствы супраць інфармацыйнай бясьпекі. Ёсьць прыклад 13-гадовага злачынца, які ўнікнуў адказнасьці, але аказаўся на міліцэйскім ўліку і пад пільным кантролем.
- Сэксуальныя дамаганьні.
- Уцягваньне падлеткаў у пашырэньне наркотыкаў, звычайна шляхам прапановы працаваць кур’ерам.
Як падлетку ня стаць ахвяраю кібэрзлачынцаў і не ўцягнуцца ў злачынную дзейнасьць?
Вось што адмыслоўцы параілі падлеткам ды іхным бацькам.
Аляксей Падвойскі з Генэральнай пракуратуры падзяліўся ўласным бацькоўскім досьведам. Ён лічыць, што галоўнае ў стасунках зь дзецьмі — давер і дыялёг. Са сваімі дзецьмі ён дамовіўся ўсталяваць на іхных тэлефонах праграму, якая кантралюе час знаходжаньня ў сацыяльных сетках.
«У сына дзіцячы акаўнт, у мяне дарослы. Мы прывязаныя адзін да аднаго, нават лімітуецца час знаходжаньня сына ў акаўнце, а я магу аналізаваць кантэнт, які ён праглядае, і праграмнае забяспячэньне, якое выкарыстоўвае. А потым мы разам сядаем і абмяркоўваем. Калі нечага занадта шмат, дык карэктуем. Як мы раней казалі дзецям „гэтага не рабі, гэтак сябе паводзь“, дык цяпер аналягічна мусім паказаць, дзе ў інтэрнце добры кантэнт, а дзе дрэнны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці бясьпечна дзяліцца дзіцячымі фота? Дар’я Альперн-Каткоўская vs Ганна Севярынец. ВІДЭАЗа ўважлівы, але добразычлівы кантроль знаходжаньня свайго дзіцяці ў інтэрнэце выступае і палкоўнік міліцыі Сяргей Янкоўскі. Ён раіць бацькам зарэгістравацца ў суполцы, якую наведвае іх сын ці дачка, каб магчы кантраляваць сытуацыю знутры, але наўпрост ня ўмешвацца.
«Як мінімум можна падпісацца на ягоны акаўнт, толькі ня як „мама“ ці „тата“, а назваўшыся сябрам. І паглядзець знутры, што там адбываецца, што яго цікавіць, з кім ён сябруе. Але і тады, калі вы даведаліся пра нешта ня лепшае зь ягонага боку, ня трэба адразу бегчы з суседняга пакою і крычаць на яго. Трэба больш тлумачыць, размаўляць, паспрабаваць зрабіць гэтак, каб ваша дзіця само асэнсавала свае дзеньні. Бо калі мы, бацькі, будзем дзейнічаць жорстка і напралом, дык можам атрымаць процідзеяньне, і праблема толькі абвострыцца».
І яшчэ тры парады для юных наведнікаў інтэрнэту ды іхных бацькоў ад каардынатара Дзіцячага фонду ААН (UNICEF) Дзьмітрыя Шыліна.
- Ніколі не давярайце прывабным прапановам ў інтэрнэце. Хутчэй за ўсё гэта фальшыўка.
- Калі нехта, каго ты дрэнна ведаеш, шле табе нешта жахлівае, крыўднае, незразумелае, заблякуй яго і больш не ўступай зь ім у перапіску.
- Трымай у таямніцы свае паролі.