12 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе а 16 гадзіне ў закрытым рэжыме пачнецца папярэдняе паседжаньне ў справе Аляксандра Шарака.
Экс-дырэктару прадпрыемства «Белмэдтэхніка» інкрымінуецца злачынства, прадугледжанае ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу — атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры. Санкцыя прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Як піша «Ежедневник», разам з Аляксандрам Шаракам на лаве падсудных яго былы падначалены Кірыл Кастрыцкі, які займаў у РУП «Белмэдтэхніка» пасаду начальніка аддзелу рэалізацыі. Яго абвінавачваюць у злачынствах, прадугледжаных ч. 1 і ч. 2 арт. 430 (атрыманьне хабару). Астатнія чатыры фігуранты — прадстаўнікі бізнэсу, іх таксама падазраюць у хабарніцтве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа мэдыкаў». Суд вярнуў асуджанаму акадэміку Бялецкаму арыштаваныя грошы — больш за 550 тысяч даляраўАляксандар Шарак — «рэкардзмэн» так званай справы мэдыкаў. У ягоным гаражы знайшлі беспрэцэдэнтную для Беларусі суму — 620 тысяч даляраў ЗША ў эквіваленце. Разгляд ягонай справы мусіць даць адказ на тое, як апошняе дзесяцігодзьдзе ажыцьцяўляліся дзяржзакупкі ў сыстэме Міністэрства аховы здароўя — менавіта праз «Белмэдтэхніку» адбывалася 90% усіх паставак.
Але калі па іншых справах праваахоўнікі раскрывалі хоць нейкую інфармацыю, то па справе Шарака ўжо паўтара года ад моманту яго затрыманьня захоўваецца маўчаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адказную за рэгістрацыю лекаў чыноўніцу Міністэрства аховы здароўя асудзілі на 6 гадоў калёніі«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.
«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»