Расейскія тэлеграм-каналы: Беларусь цяпер дэ-факта калёнія Захаду

Аляксандар Лукашэнка і сьцяг Эўразьвязу. Каляж

Расейская сеткавыя рэсурсы надалей жыва абмяркоўваюць апошнія падзеі вакол беларуска-расейскай інтэграцыі. У той час, калі сурʼёзныя аглядальнікі спрабуюць спакойна і ўзважана аналізаваць сытуацыю, аўтары пэўных расейскіх тэлеграм-каналаў, што называецца, з рэха зьяжджаюць.

Канал «Кремлёвский безбашенник» выдае свой «інсайд» наконт вынікаў перамоваў у Сочы.

«Нашы крыніцы ў Апараце ўраду паведамляюць дэталі перамоваў Пуціна і Лукашэнкі:

1. Не задаволеныя абодва бакі, і больш прынцыповым (менш саступлівым) на перамовах быў менавіта Лукашэнка. На сустрэчу ён прыехаў на фоне сыгналаў падтрымкі з боку Нямеччыны і кіраўніцтва органаў кіравання Эўрапейскага Зьвязу і дэманстратыўна паказваў павагу Пуціну, Козаку і менш — Новаку, і поўную непавагу да іншых чальцоў дэлегацыі РФ (Сілуанаў, Арэшкін і асабліва Бабіч).

2. Усе недвухсэнсоўныя намёкі наконт слабой пазыцыі Лукашэнкі з расейскага боку выказваліся Козакам. Пуцін падкрэсьліваў свой статус „справядлівага сябра“, які назіраў за перамовамі „роўнавялікіх“, даўшы зразумець Бацьку, што Козаку і Бабічу ў яго разуменьні даверана разважаць пра палітычную будучыню Лукашэнкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто стаіць за парталам RuBaltic.ru, які назваў блогера NEXTA «беларускім Навальным»?

Адзін з самых вядомых, масавых і як выглядае, інфармаваных тэлеграм-каналаў «Незыгарь» дае сваю вэрсію перамоваў у Сочы.

«Размова была эмацыйнай, зь пераходам на асобы.

Лукашэнка некалькі разоў зрываўся, таму даводзілася рабіць паўзу, каб разрадзіць абстаноўку.

Мядзьведзеў папрасіў Лукашэнку публічна выбачыцца за хамства на адрас чальцоў расейскага ўраду.

Беларускаму лідэру было адразу прапанавана задумацца аб мэтазгоднасьці ўдзелу ў чарговых прэзыдэнцкіх выбарах.

Лукашэнка вяртаецца ў Менск бяз вынікаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Польскі бандыт і мяцежнік». Як у Расеі адрэагавалі на перапахаваньне Каліноўскага і яго паплечнікаў

Але самы зацяты з усіх тэлеграм-каналаў, якія пішуць на беларускую тэму, — гэта, безумоўна, «Бульба престолов». Памятаю, у савецкія часы пра заходнюю прэсу савецкія прапагандысты казалі прыблізна наступнае: «...са зьвярынай нянавісьцю да Савецкага Саюзу...». Здаецца, падобнае можна сказаць пра «Бульбу престолов» — «са зьвярынай нянавісьцю аўтар ставіцца да ўсяго беларускага, да самога факту існаваньня незалежнай Беларусі».

Допіс за допісам «Бульба престолов» даносіць нам простую, як абаранак зьесьці, думку — у краіне квітнее беларускі нацыяналізм, які ўзначальвае сам Лукашэнка, у краіне пасьлядоўна праводзіцца антырасейская палітыка, усё расейскае выціскаецца пад кіраўніцтвам заходніх цэнтраў. Напрыклад, такая цытата:

«Усеабдымнае пашырэньне кантактаў з Захадам, чысткі расейскай мовы і разьвіцьцё сыстэмнага нацыяналізму вядуцца ўжо 7 гадоў і лінейна нарошчваюць тэмп. Для беларускага палітыка, мэдыя альбо экспэрта ёсьць тры варыянты: альбо пачынаць „тапіць за мову“, выкарыстоўваць бел-чырвона-белы арнамэнт, супрацоўнічаць з нацыяналістамі, захапляцца Захадам і працаваць зь ягонымі эмісарамі; альбо адысьці ў бок і выпасьці з парадку дня; альбо выступіць супраць і быць расьціснутым».

І ўрэшце аўтар «Бульбы престолов» падводзіць трагічна-непрымальны для сапраўднага расейскага патрыёт вынік — «Беларусь сейчас является де-факто колонией Запада».

Успамінаецца вядомы анэкдот: «Хачу жыць у такой Беларусі».

Жарты жартамі, але выглядае, што ў тэлеграм-каналах расейская каляпалітычная супольнасьць гаворыць уголас тое, што расейскія «афіцыйныя» палітыкі ўголас сказаць ня могуць. Непасрэдны стыль апавяданьня, разьняволенасьць і «сьмелая» крытыка — усё гэта заклікана выклікаць давер у масавага чытача. Але стратэгічная задача не мяняецца — перамога ў інфармацыйнай вайне.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нэабандэраўцы ў Менску». Расейскія СМІ пра беларускі супраціў «паглыбленай інтэграцыі»