У Мінабароны паведамляюць, што зараз высьвятляюць прычыны здарэньня.
Інфармацыю пра тое, што з вайсковай часткі 71327, разьмешчанай ля населенага пункту Заслонава, уцёк салдат, Свабодзе пацьвердзілі ў Міністэрстве абароны.
«Сапраўды на гэты момант у самавольнай адлучцы знаходзіцца вайсковец, — паведаміла Свабодзе супрацоўніца прэс-службы Мінабароны Натальля Гаўрусік. — Пакуль гэта самавольная адлучка. Мы цяпер высьвятляем прычыны адлучкі, вядзецца пошук вайскоўца. У любым выпадку ў залежнасьці ад працягласьці адсутнасьці вайскоўца ў частцы яго чакае адказнасьць. Калі адлучка працягнецца да двух сутак, то адказнасьць дысцыплінарная. Калі на больш працяглы тэрмін, то крымінальная».
Паводле Натальлі Гаўрусік, вайсковец уцёк з часткі бяз зброі, ён таксама пакуль не прымаў вайсковую прысягу.
Абноўлена
А 14:40 Міністэрства абароны паведаміла, што салдата знайшлі. Зь ім працуюць дазнавальнікі.