У Менску адкрылася выстава пра сьмяротнае пакараньне. ФОТА

У Міжнародны дзень правоў чалавека ў Менску адкрылася выстава, прысьвечаная праблеме сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Арганізаваць выставу дапамагло брытанскае пасольства.

Што паглядзець на выставе

  • «Апошні кат Эўропы». Сэрыя малюнкаў усясьветна прызнанага мастака-рэпартэра і ілюстратара Джорджа Батлера. За сюжэтамі і вобразамі ён адмыслова прыяжджаў у Беларусь.
  • «Вышэйшая мера пакараньня». Сумесны праект фотажурналіста Сяргея Балая і кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі».

На фота — маці асуджаных да сьмерці

Амбасадарка Вялікай Брытаніі Жаклін Пэркінс (Jacqueline Perkins) падчас адкрыцьця адзначыла, што ва ўсім сьвеце даводзіцца абараняць чалавечую годнасьць, змагацца за правы чалавека.

Жаклін Пэркінс

«Права на жыцьцё — адно з асноўных правоў чалавека. Эмацыйны складнік рэакцыі на сьмяротнае пакараньне зразумелы, але здараюцца і судовыя памылкі.

Сёньня мы адкрываем выставу, якая яшчэ раз прымушае нас падумаць, узгадаць, што азначае страціць блізкага чалавека. Я перакананая, што Беларусь далучыцца да вялікай большасьці краінаў, якія адмовіліся ад сьмяротнага пакараньня», — сказала амбасадарка Злучанага Каралеўства.

На адкрыцьці выступіла сястра пакаранага сьмерцю Генадзя Якавіцкага Аляксандра

Маці Якавіцкага не змагла выйсьці да мікрафона пасьля выступу яго сястры


Выстава месьціцца ў адукацыйнай прасторы «Тэрыторыя правоў». Каб яе наведаць, трэба дамовіцца з адміністратарам пляцоўкі праз тэлефон +375 44 716-59-93.

  • Найбліжэйшы даступны час — 14 і 15 сьнежня з 13:00 да 18:00.
  • Адрас — Ложынская вуліца, 16, памяшканне 404 (мікрараён Уручча).
  • Тэрмін працы выставы — 1 месяц.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праваабаронца году» і «Кампанія году» — абаронцы правоў назвалі ляўрэатаў штогадовай прэміі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмію імя Францішка Аляхновіча атрымалі Сяргей Скрабец і Алесь Пушкін
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістка Свабоды Ганна Соўсь атрымала Нацыянальную праваабарончую прэмію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зьявіліся дзясяткі аранжавых туфляў. Што гэта значыць? ФОТА