Пуцін перасьцерагае, што на Данбасе можа паўтарыцца Срэбраніцкая разьня

Уладзімір Пуцін падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту "нармандзкай чацьвёркі", Парыж, 9 сьнежня 2019

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін не выключае, што калі Кіеў будзе кантраляваць мяжу з Расеяй на Данбасе, і калі тамтэйшыя жыхары ня будуць мець гарантыяў бясьпекі, там можа паўтарыцца разьня, якая была ў басьнійскім мястэчку Срэбраніца ў 1995 годзе.

«Украінскі бок увесь час ставіць пытаньне: "Дайце нам магчымасьць закрыць мяжу вайскоўцамі". Ну я ўяўляю, што далей пачнецца. Срэбраніца будзе, вось і ўсё» — сказаў Пуцін на сустрэчы ў Крамлі з чальцамі Рады па правах чалавека пры прэзыдэнту РФ. «Мы ж бачылі, як прэзыдэнт Зяленскі вёў дыскусіі з нацыяналістамі. Зразумела, хто там мацней» — дадаў ён.

«І хто нацыяналістамі будзе кіраваць, калі яны ўвойдуць на гэтыя тэрыторыі без забесьпячэньня гарантый людзям?» — сказаў Пуцін.

Ён расказаў, што да трэцяй гадзіны ночы ў Парыжы абмяркоўваў з Зяленскім сытуацыю з магчымым перасьледам жыхароў ЛНР і ДНР, і зьвярнуў увагу на тое, што ва Ўкраіне да гэтага часу не прыняты закон аб амністыі.

Масавае забойства ў Срэбраніцы

У ліпені 1995 году — усяго за некалькі месяцаў да заканчэньня басьнійскай вайны — вайсковыя злучэньні басьнійскіх сэрбаў у мястэчку Срэбраніца забілі каля 8000 мусульманаў. Гэтая расправа лічыцца самым жахлівым вайсковым злачынствам у Эўропе з часоў заканчэньня Другой усясьветнай вайны. У 2007 годзе Міжнародны трыбунал кваліфікаваў дзеяньні басьнійскіх сэрбаў у Срэбраніцы як генацыд.