ПЭН-Цэнтар і Радыё Свабода ўручылі прэмію імя Францішка Аляхновіча — за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зьняволены.
Сёлета ляўрэатамі сталі былы палітычны вязень Сяргей Скрабец за кнігу «Кошт свабоды» і мастак Алесь Пушкін за кнігу «Турэмны альбом».

Валянцін Жданко і Сяргей Скрабец
Кіраўнік менскага бюро Беларускай службы Радыё Свабода нагадаў пра драматычны лёс Францішка Аляхновіча, які трапіў у ГУЛАГ на 6 гадоў і напісаў пра гэта кнігу «У капцюрох ГПУ».
«Ён адзін зь першых у сьвеце расказаў сьвету пра савецкі ГУЛАГ, бо яшчэ не было твораў Аляксандра Салжаніцына і Варлама Шаламава. А Аляхновіч ужо быў», — адзначыў дырэктар Менскага бюро Свабоды Валянцін Жданко.

Кніга Сяргея Скрабца «Кошт свабоды» напісаная за кратамі. Атрымліваючы прэмію, Скрабец сказаў, што апублікаваць кнігу яго пераканаў старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. У кнізе шмат шчымлівых і кранальных лістоў да родных.
Першая намесьніца старшыні ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай і дырэктар Менскага бюро Радыё Свабода Валянцін Жданко
Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысьвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ»
Сяргей Скрабец — палітык, грамадзкі дзяяч. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня, кіраўнік апазыцыйнай дэпутацкай групы «Рэспубліка». У 2004 удзельнічаў у 18-дзённым галадаваньні апазыцыйных дэпутатаў. У 2005-м арыштаваны, абвінавачаны па артыкулах КК РБ «Падрыхтоўка да злачынства» і «Дача хабару» і пазьней асуджаны на два з паловай гады пазбаўленьня волі. Быў прызнаны вязьнем сумленьня.
Алесь Пушкін — мастак, акцыяніст. Вядомы творамі на тэмы нацыянальнай гісторыі і культуры і палітычнымі пэрформансамі. Ня раз быў затрыманы міліцыяй і асуджаны. У 1999 годзе атрымаў 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна за пэрформанс «Падзяка прэзыдэнту». У межах акцыі ён прывез пад будынак адміністрацыі прэзыдэнта тачку з гноем.
У 2010 годзе прэвэнтыўна затрыманы напярэдадні пратэстаў з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў. Асуджаны на 13 дзён арышту.
У 2019 годзе правёў пэрформанс на ганку крамы «Еўраопт». За яго аштрафаваны як за несанкцыянаваную акцыю.
Your browser doesn’t support HTML5
Першы ў сьвеце літаратурны твор пра сталінскі ГУЛАГ напісаў беларус
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастака Алеся Пушкіна аштрафавалі за акцыю каля «Эўраопту». Судзьдзя вяла працэс па-беларуску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праваабаронца году» і «Кампанія году» — абаронцы правоў назвалі ляўрэатаў штогадовай прэміі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістка Свабоды Ганна Соўсь атрымала Нацыянальную праваабарончую прэмію