10 сьнежня — Дзень правоў чалавека. У гэты дзень на плошчы Якуба Коласа ініцыятыва «Маршыруй, дзетка» зладзіла «арт-інтэрвэнцыю» супраць хатняга гвалту над жанчынамі.
На плошчы Якуба Коласа актывісткі расставілі 36 пар абутку, які яны сабралі за дзень праз суполку ў Facebook. Да кожнай прымацаваная бірка. Напрыклад, на адной з дзіцячых пар на бірцы напісана: «Задушыў провадам ад зараднай прылады пасьля ўдару малатком па галаве». На жаночай – «Жанчына, 72 гады. Памерла ад страты крыві пасьля ўдару шыі нажом. Удар нанёс сын». Акцыя прысьвечаная глябальнай кампаніі супраць хатняга гвалту ў дачыненьні жанчын і дзяўчатак.
Сёлета лёзунг кампаніі — «Расфарбуй сьвет у аранжавы колер. Пакаленьне роўнасьці выступае супраць згвалтаваньняў». Таму валянтэркі пафарбавалі абутак у аранжавы.
Туфлі сымбалізуюць ахвяр, пацярпелых ад хатняга гвалту. Сёлета ад хатняга гвалту ў Беларусі загінулі 55 чалавек.
«У нас дагэтуль няма закону аб хатнiм гвалце. А гэтыя жанчыны i дзецi апынулiся ў такіх сытуацыях. Мы выбралі абутак для арт-інсталяцыі, бо ён красамоўна гаворыць пра людзей, якіх больш няма», — кажа адна з каардынтарак ініцыятывы Марына Корж.
Такія акцыі ўжо праходзілі ў Стамбуле, Рыме, Ерэване.
Раней улады забаранілі пікеты супраць хатняга гвалту ў Менску. Пікеты плянавалі правесьці 9 і 10 сьнежня ў Кіеўскім сквэры ў межах кампаніі «16 дзён актыўных дзеяньняў супраць гендэрнага гвалту».
З 25 лістапада па 10 сьнежня па ўсім сьвеце праходзяць акцыі, якія заклікаюць змагацца з праблемай хатняга гвалту ў дачыненьні жанчын і дзяўчатак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады забаранілі пікеты супраць хатняга гвалту ў Менску. Чым яны гэта патлумачылі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што рабіць, калі нічога нельга?» У Менску прайшоў «Вечар бяз гвалту» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад сёньня беларусы могуць знайсьці дапамогу ад хатняга гвалту праз чат-бот ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту ў Беларусі. Што варта зрабіць і наведаць