Адмысловая камісія Асіповіцкага райвыканкаму падвяла вынікі грамадзкага абмеркаваньня і адмовіла кампаніі «Віталюр» у пабудове супэрмаркету ў гарадзкім парку Асіповічаў. Пра гэта 9 сьнежня было абвешчана на сустрэчы сябраў камісіі, прадстаўнікоў кампаніі «Віталюр» і сябраў ініцыятыўнай групы гараджан Асіповічаў, якія выступалі супроць пабудовы ў парку супэрмаркету.
«Гэта наша агульная перамога: гараджанаў і раённых уладаў, якія палічылі, што да нашай пазыцыі варта прыслухацца. Мы па-ранейшаму ня супраць будоўлі ў горадзе супэрмаркету кампаніі „Віталюр“, але толькі ня ў парку.
На сустрэчы старшыня камісіі Аляксандр Іванавіч Ганчароў, які займае пасаду намесьніка старшыні райвыканкаму, таксама падкрэсьліў, што будаваць супэрмаркет у ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоне, якою лічыцца тэрыторыя парку, было нельга і таму інвэстару было адмоўлена, але яму прапанавалі іншыя пляцоўкі», — расказала Свабодзе кіраўніца ініцыятыўнай групы грамадзянаў прадпрымальніца з Асіповіч Натальля Пахоменка.
Яна паведаміла, што на сустрэчы ў Асіповіцкім райвыканкаме агучылі думку камісіі райвыканкаму што да подпісаў, сабраных за будаўніцтва.
«Было сказана, што камісія вырашыла ня ўлічваць подпісаў іншагародніх грамадзян, бо пытаньне, будаваць аб’ект ў Асіповічах ці не будаваць, мусяць вырашаць жыхары гораду і раёну, а не грамадзяне зь іншых рэгіёнаў краіны. Мы пра гэта адразу казалі і радыя, што наша думка ўлічана», — сказала Натальля Пахоменка.
У 2018 годзе кампанія «Віталюр», якая мае адну з найбольшых сетак гандлёвых аб’ектаў у Беларусі, падала заяўку на пабудову ў Асіповічах супэрмаркету. Інвэстару былі прапанаваныя некалькі пляцовак, але ён настойваў на пляцоўцы плошчай 0,59 га ў цэнтры гораду, на тэрыторыі парку. У якасьці падарунку гораду «Віталюр» абяцаў аднавіць у парку дарожкі ды адрамантаваць «Алею славы» побач з паркам.
У 2019 годзе група грамадзян сабрала больш за 4 тысячы подпісаў за пабудову супэрмаркету менавіта на гэтым месцы, між тым другая ініцыятыўная група падала каля 2 тысяч подпісаў супраць будоўлі. Асіповіцкі райвыканкам правёў грамадзкае абмеркаваньне праекту, якое завершылася 3 сьнежня. Сёньня агалошана рашэнне адмысловай камісіі, якая вырашыла адмовіць «Віталюру» ў пабудове супэрмаркету на тэрыторыі гарадзкога парку.
«Але мы па-ранейшаму вельмі зацікаўленыя, каб гэтая сетка была прадстаўленая ў нашым горадзе. Як і раней, мы прапаноўваем іншыя месцы для разьмяшчэньня гандлёвага аб’екту і будзем радыя супрацоўнічаць. Пра гэта сёньня на сустрэчы было заяўлена прадстаўнікам «Віталюру», — сказаў у камэнтары для Свабоды намесьнік старшыні Асіповіцкага райвыканкаму Сяргей Ананіч.
6 сьнежня Свабода паведамляла пра канфлікт часткі жыхароў Асіповічаў зь «Віталюрам» праз намер кампаніі пабудаваць у гарадзкім парку супэрмаркет. Атрымаць адказы на нашыя пытаньні да кампаніі аб прычынах выбару для аб’екту менавіта гэтай пляцоўкі дагэтуль не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Асіповічах зьбіраюцца будаваць «Віталюр» у парку. Думкі гараджан падзяліліся ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе зь «Лебядзіным». Як унікальны менскі заказьнік зьмяншаюць дзеля дарагіх дамоў і рэстарана. МАПА