Падзеі 14 сьнежня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
14 сьнежня 1989 году ад інфаркту памёр Андрэй Сахараў, савецкі дысыдэнт і праваабаронца. Адзін са стваральнікаў першай савецкай вадароднай бомбы, выпрабаваньне якой адбылося ў 1953 г. Андрэй Сахараў узначальваў фонд дапамогі дзецям палітвязьняў і бараніў правы чалавека, за што ў 1975 г. атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.
Таксама ў гэты дзень
1586 — у Горадні ўпершыню ва Ўсходняй Эўропе зрабілі патолягаанатамічнае ўскрыцьцё цела нябожчыка — кароля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, які памёр за два дні да таго. Спрабуючы вызначыць прычыну ягонае сьмерці, лекары доўга не маглі прыйсьці да згоды. Таму і пастанавілі зрабіць патолягаанатамічнае дасьледаваньне.
1782 — браты Мангальф’е запусьцілі першы паветраны шар.
1825 — група рэвалюцыйна настроеных расейскіх афіцэраў зладзіла ў Санкт-Пецярбургу паўстаньне супраць царызму.
1862 — у Менску было відаць паўночнае зьзяньне. Уладзімер Караткевіч назваў гэтую зьяву «прадвесьцем будучай бітвы», маючы на ўвазе паўстаньне Каліноўскага, якое пачалося праз год.
1939 — Савецкі Саюз выключаны са складу Лігі Нацыяў за напад на Фінляндыю.
1949 — Ерусалім абвешчаны сталіцай Ізраілю.
1957 — у газэце «Літаратура і мастацтва» зьявіўся артыкул студэнта факультэту журналістыкі БДУ Барыса Сачанкі «Шанаваць родную мову». Гэта быў першы публічны выступ супраць русыфікацыі амаль за 30 гадоў.
2004 — Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала Прэмію за свабоду думкі імя А. Сахарава.
У гэты дзень нарадзіліся
1503 — Настрадамус, францускі лекар, астроляг і прадказальнік.
1546 — Тыха Браге, дацкі шляхціц, сёньня найбольш вядомы як адзін зь першых астраномаў у Эўропе.
1738 — Ян Мікалай Хадкевіч, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага
1905 — Мікалай Дарожкін, беларускі міколяг і фітапатоляг, акадэмік АН БССР.
1912 — Уладзімер Кароль, беларускі архітэктар, суаўтар праектаў праспэкту Незалежнасьці, манумэнта Перамогі і будынка Галоўпаштамту ў Менску.
У памяці
1799 — памёр Джордж Вашынгтон, першы прэзыдэнт ЗША.
1941 — памёр Эдуард Вольтэр, этнограф, аўтар кнігі «Матэрыялы да этнаграфіі латыскага племені Віцебскай губэрні».