Сьледчы камітэт адрэагаваў на публікацыю ў выданьні «Наша ніва», герой якой ананімна расказаў, што стаў ахвярай згвалтаваньня з боку «журналіста Ч.».
У дачыненьні да Ўладзімера Чудзянцова пачалі праверку паводле артыкулу 167 КК (гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару). Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў адвакат Чудзянцова Аляксандар Галіеў.
На гэты момант абвінавачваньні паводле артыкулу за сэксуальны гвалт Чудзянцову не прад’яўленыя, яго пра гэта не дапытвалі. У размове са Свабодай адвакат Уладзімера Чудзянцова Аляксандар Галіеў паведаміў, што ініцыятыва праверкі ішла ад Сьледчага камітэту і стала рэакцыяй на публікацыю ў выданьні «Наша ніва», герой якой ананімна расказаў пра тое, што стаў ахвярай згвалтаваньня «журналістам Ч».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Чудзянцову афіцыйна выставівілі абвінавачаньні. Сьцісла пра справу«Я знаёміў Уладзімера з артыкулам у „Нашай ніве“, — расказаў адвакат Чудзянцова. — Ён заявіў, што гэта поўнае трызьненьне. Мой падабаронны лічыць, што і абвінавачаньні паводле артыкулу 328, і праверка паводле 167-га артыкулу зьяўляюцца комплексам захадаў, якія праводзяцца супраць яго».
У Сьледчым камітэце сытуацыю паабяцалі пракамэнтаваць пазьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён ведаў, што можа адбыцца правакацыя». Гісторыя загадкавага затрыманьня журналіста ЧудзянцоваПра затрыманьне Ўладзімера Чудзянцова стала вядома 22 лістапада ад ягоных сяброў. Празь некалькі дзён пасьля затрыманьня Ўладзімера Чудзянцова ад ягонага адваката стала вядома, што падчас мытнага кантролю на мяжы ў рэчах журналіста знайшлі 0,87 грама марыхуаны.
30 лістапада Чудзянцову прад’явілі абвінавачваньні паводле часткі 1 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі («незаконныя, бяз мэты збыту, выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсараў або аналягаў», а таксама ч. 1 артыкула 328-1 («незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсараў або аналягаў»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер NEXTA назваў затрыманьне журналіста Чудзянцова помстай ЛукашэнкіТаксама стала вядома, што ў кватэры журналіста ў Менску былі знойдзеныя 6,02 грама марыхуаны. Ад дачы паказаньняў Чудзянцоў адмовіўся, ён застаецца пад вартай у СІЗА Берасьця, за кратамі знаходзіцца ўжо больш за тыдзень.
Паводле ч.1 арт. 328 КК могуць пакараць абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 5 гадоў. Паводле ч. 1 арт 328-1 — да 7 гадоў. Розныя часткі артыкулу 167 КК Беларусі прадугледжваюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 3 да 15 гадоў.