Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Сочы працягвалася больш за 4 гадзіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Перамовы праходзілі ў закрытым фармаце на тэрыторыі рэзыдэнцыі Бачароў Ручай.
Як перадае блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого», пасьля перамоваў кіраўнікі краінаў дарылі адзін другому падарункі. Затым Лукашэнка пакінуў рэзыдэнцыю расейскага прэзыдэнта без заявы для прэсы.
Як заявіў міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Арэшкін, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін сустрэнуцца ізноў 20 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу.
Расейскі міністар дадаў, што «пазыцыі Расеі і Беларусі па нафце і газе на перамовах прэзыдэнтаў былі сур’ёзна збліжаныя». Ён адзначыў, што, калі спатрэбіцца, прэм’ер-міністры і прэзыдэнты дзьвюх краін могуць стэлефанавацца або правесьці дадатковую сустрэчу.
Па словах Арэшкіна, па выніках праведзеных у Сочы перамоваў колькасьць спрэчных пытаньняў па інтэграцыі зьменшылася.
«Мы разумеем, як па большай частцы зь іх прасоўвацца наперад. Нам указаньні дадзены. Зараз будзем прапрацоўваць і далей рухацца наперад», — сказаў міністар.
Спачатку кіраўнікі краінаў размаўлялі ў фармаце рабочай вячэры, прычым асобна Лукашэнка і Пуцін, і асобна прэмʼер-міністры зь іншымі чальцамі ўрадаў.
Пачынаючы перамовы, Лукашэнка заявіў, што бакі сабраліся на сустрэчу, каб паглядзець, як ідзе праца над аналізам саюзнай дамовы і адпаведнымі пытаньнямі.
«Мы ня просім танны газ, танную нафту. Галоўнае, каб роўныя былі ўмовы», — падкрэсьліў кіраўнік краіны. — Калі нашы прадпрыемствы купляюць за $200, значыць, і канкурэнтныя прадпрыемствы (у Расеі. — БЕЛТА) павінны мець такую ж цану. У адваротным выпадку мы проста не задамо аснову нашых адносін. Вы як вучоны, кандыдат эканамічных навук разумееце гэта ня горш за мяне. Вось адзіная праблема, над якой у прынцыпе працуюць нашы ўрады. Мы сабраліся для таго, каб вырашыць гэтыя пытаньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на перамовах з Пуціным расказаў, чаго хоча БеларусьПакуль няма дадзеных, хто і калі агучыць інфармацыю пра вынікі перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6-кілямэтровае шэсьце цягам 5 гадзінаў, і без затрыманьняў. Чым зьдзівіў пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй