Беларусь нічога ня просіць у Расеі, толькі толькі роўныя ўмовы. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёньня на перамовах у Сочы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Лукашэнка падкрэсьліў, што бакі сабраліся на сустрэчу, каб паглядзець, як ідзе праца над аналізам саюзнай дамовы і адпаведнымі пытаньнямі.
«Мы ня просім танны газ, танную нафту. Галоўнае, каб роўныя былі ўмовы», — падкрэсьліў кіраўнік краіны. — Калі нашы прадпрыемствы купляюць за $200, значыць, і канкурэнтныя прадпрыемствы (у Расеі. — БЕЛТА) павінны мець такую ж цану. У адваротным выпадку мы проста не задамо аснову нашых адносін. Вы як вучоны, кандыдат эканамічных навук разумееце гэта ня горш за мяне. Вось адзіная праблема, над якой у прынцыпе працуюць нашы ўрады. Мы сабраліся для таго, каб вырашыць гэтыя пытаньні».
Як паведамляе тэлеграм-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, калі пачаліся перамовы, то ў залі зьнікла сьвятло. Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў гэта жартам:
— Хіба што гэта Дзіма Пяскоў? (кіраўнік прэс-службы Пуціна. — РС).
Згадваючы пра 20-годзьдзе пачатку інтэграцыі з Расеяй, якое прыпадае на заўтра, Лукашэнка назваў гэтую дату не сьвятам, а падзеяй, а таксама падзякаваў за добрае надвор’е ў Расеі.
Уладзімір Пуцін выказаў спадзяваньне, што Беларусь і Расея працягнуць працу для збліжэньня ў эканоміцы.
Сустрэча праходзіць у рэзыдэнцыі Бачароў Ручай. На перамовах акрамя кіраўнікоў дзяржаў прысутнічаюць прэм’ер-міністры і іншыя прадстаўнікі ўрадавых дэлегацый дзьвюх дзяржаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Менску пратэставалі супраць інтэграцыі з Расеяй. ФОТА і ВІДЭА