Дэпутат Вярхоўнай рады Ўкраіны з фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць», былы старшыня Вярхоўнай рады Андрэй Парубій выступіў у ток-шоў «Свобода слова» на тэлеканале «Україна» і згадаў там Беларусь.
Паводле ўкраінскага дэпутата, ня варта думаць, што «з Пуціным можна дамовіцца», і гэта, мяркуе ён, «мы бачым ня толькі ва Ўкраіне: на нашых вачах падае Беларусь, на нашых вачах падае Малдова».
«Мэта Пуціна адна: узяць цалкам пад кантроль і Малдову, і Беларусь, і Грузію, але я адважуся сказаць, перш за ўсё Ўкраіну ён хоча ўзяць пад кантроль, — заявіў Парубій. — У яго ёсьць маніякальная ідэя: аднаўленьне геапалітычнай моцы Крамлю, якая была ў часы Савецкага Саюзу. Але яны разумеюць, што імпэрыя ня мае ніякіх шанцаў без Украіны, таму для яго ключавой пытаньне — гэта параза Украіны, гэта кантроль над гэтай краінай».
Дэпутат мяркуе, што Пуцін будзе шукаць для Ўкраіны «гэтую мнагахадоўку, якая была і ў Беларусі, і ў Малдове», каб падпарадкаваць сабе ўкраінскія ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка, Цімашэнка і Вакарчук заклікалі ўкраінцаў выйсьці на Майдан перад сустрэчаю «нармандзкае чацьвёркі»Да Парубія на ток-шоў выступаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі — неўзабаве ён паедзе ў Парыж на сустрэчу «нармандзкай чацьвёркі», дзе будзе ў тым ліку весьці перамовы з Уладзімірам Пуціным па лёсе Данбасу.
Ён адзначыў, што сам факт такой сустрэчы — «ужо перамога», бо падобнага не было з 2016 году. Таксама прэзыдэнт Украіны заяўляў, што «ніхто ня хоча капітуляцыі», маючы на ўвазе саступкі Ўкраіны Крамлю.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»