Завяршыліся здымкі мастацкай драмы рэжысэра і сцэнарыста Андрэя Курэйчыка «Liberté» (у перакладзе з францускай значыць «свабода»), гаворыцца ў афіцыйным прэс-рэлізе праекту.
Філязофская драма здымалася кінакампаніяй «БезБуслоў артс» у партнэрстве з «Рэд Студыя» спачатку ў вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёну на мяжы з Польшчай, а затым у Менску. Падрыхтоўчая частка, паводле стваральнікаў, заняла тры гады.
«Пасьля посьпеху фільму „Движение вверх“ я вырашыў, што прыйшоў час зрабіць нешта сур’ёзнае ў Беларусі, — расказаў прадусар і рэжысэр Андрэй Курэйчык. — Разам зь сябрам і суаўтарам яшчэ з часоў праекту „Вышэй за неба“ Дзьмітрыем Марыніным быў выбраны сюжэт, які мы прапрацоўвалі некалькі гадоў, пакуль, нарэшце, гэтай восеньню усё склалася разам: сцэнар, каманда, цудоўныя акторы».
Для праекту «Liberté» кампаніі «БезБуслоу артс» давялося парушыць правіла «кіно пра беларусаў, для беларусаў і сіламі толькі беларускай каманды». Праект атрымаўся міжнародным: адну з галоўных роляў сыграла зорка нямецкага кіно і тэлевізіі Жан-Марк Бірхольц, у іншай нечакана дэбютаваў амбасадар Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэс. Гэта першы выпадак, калі дзейны дыплямат такога рангу бярэ ўдзел у здымках незалежнага беларускага кіно.
Галоўную ролю ў фільме сыграла вядучая актрыса Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы Сьвятлана Анікей, якую гледачы ўжо палюбілі за ролі ў фільмах «Крышталь» Дар’і Жук і «Возера радасьці» Аляксея Палуяна.
Для артыстаў праект быў досыць складаным ня толькі з прычыны творчых задач і вясковай экспэдыцыі, а і таму, што фільм здымаўся адразу на чатырох мовах: беларускай, расейскай, нямецкай і францускай. У кадры кожны герой гаварыў на сваёй роднай мове, атрымалася ўнікальная мультылінгвістычная кінапрастора.
«Гэта неверагодна абвостраная эмацыйная гісторыя, у якой пачуцьцё віны паміж маці і яе сынам даведзена да ўзроўню сілы старажытнагрэцкага канфлікту. Тэма нашага фільма — унутраная свабода і сумленьне. Свабода — самае каштоўнае, што ёсьць у нашым жыцьці. Я не абяцаю, што гэтую карціну будзе глядзець лёгка», — так апісаў сваё кіно Андрэй Курэйчык.
Прэм’ера беларускай драмы «Liberté» чакаецца ў 2020 годзе. Фільм зьняты безь дзяржаўнай падтрымкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алімпійскі чэмпіён і герой «Движения вверх» Іван Ядэшка пра «любоўны трыкутнік» з Аляксандрам Мілінкевічам