У Асіповічах зьбіраюцца будаваць «Віталюр» у парку. Думкі гараджан падзяліліся

На месцы гэтых дрэваў у парку можа паўстаць супэрмаркет «Віталюр»

Больш за 2 тысячы подпісаў супраць будаўніцтва ў Асіповічах супэрмаркету «Віталюр» сабрала ініцыятыўная група гараджанаў, у якую ўваходзіць мясцовая прадпрымальніца Натальля Пахоменка. Аднак каля 4 тысяч грамадзянаў падпісалася за будаўніцтва.

Натальля зьвярнулася да Свабоды з просьбай расказаць, чаму сталася так, што частка жыхароў Асіповіч катэгарычна супраць «Віталюра» ў парку, а другая — за.

«Спытайце ў людзей — віталюраўцы ходзяць па кватэрах, подпісы зьбіраюць, абяцаюць залатыя горы. А людзі ў нас добрыя, наіўныя, некаторыя і пагаджаюцца: „Чаму ж не?“ Ня думаюць пра тое, ува што ператворыцца парк, калі ў ім пабудаваць вялікі супэрмаркет. Ды гэта канец парку!»

Натальля Пахоменка — вядомая ў Асіповічах бізнэсоўка. Яна ж узначаліла і ініцыятыўную групу супроць будоўлі супэрмаркета «Віталюр» у гарадзкім парку. «Паводле законе тут ляндшафтна-рэкрэацыйная зона, будавацца нельга, а яны зьбіраюцца. Як так? І, каб дамагчыся свайго, ідуць на розныя захады». Гэта якія?

Прадпрымальніца Натальля Пахоменка

У офісе, які месьціцца каля галоўнай плошчы гораду зь Леніным у цэнтры, Натальля разгортвае стос дакумэнтаў, адкрывае сайт Асіповіцкага райвыканкаму. Перада мной паведамленьне пра тое, што з 8 лістапада па 3 сьнежня будзе праводзіцца грамадзкае абмеркаваньне праекту будаўніцтва ў Асіповічах, на вуліцы Юбілейнай, гандлёвага аб’екта таварыства з дадатковай адказнасьцю «Віталюр». Натальля гартае сайт і знаходзіць паведамленьне ад 14 лістапада, у якім сказана, што ўдзельнікі апытаньня ў асноўным выказваюцца супраць будоўлі.

«Праект завецца інвэстыцыйным, хаця якія тут інвэстыцыі?» — кажа Натальля.

Што прапануе зрабіць «Віталюр»?

Паводле праектных дакумэнтаў, супэрмаркет прапануецца пабудаваць у ляндшафна-рэкрэацыйнай зоне (у парку. — РС) на плошчы больш за палову гектара. Вакол супэрмаркета зробяць паркоўку на 160 машына-месцаў. Калі аб’ект запрацуе, паводле інвэстара, у горадзе зьявіцца 120 новых працоўных месцаў. Плюс добраўпарадкуюць тэрыторыю, пабудуюць вакол тратуары ды яшчэ і адрамантуюць гарадзкую «Алею герояў», якая суседнічае з паркам.

Натальля Пахоменка гэтыя абяцаньні называе пылам у вочы. Паводле яе, укладаньняў у гарадзкую гаспадарку амаль ня будзе, бо «Віталюр» выкарыстае ўжо гатовыя камунікацыі. Абяцаныя 120 працоўных месцаў зьявіліся б, і калі супэрмаркет пабудавалі б на іншай пляцоўцы, зазначае прадпрымальніца.

«А вось фураў, якія падвозяць тавары, прыватных аўтамабіляў наведнікаў, а зь імі і выхлапных газаў проста ў парку — гэтага сапраўды дабавіцца. Замест таго, каб разьвіваць парк, будаваць у ім роварную дарожку ды іншыя сучасныя аб’екты, яго проста загубяць», — абураецца Натальля Пархоменка.

Усяго за некалькі дзясяткаў мэтраў ад эстрады зьбіраюцца будаваць новы «Віталюр»

Паводле грамадзкай актывісткі, пры зборы подпісаў супраць будоўлі «Віталюра» аргумэнт пра неабходнасьць захаваць парк дзейнічаў на ўсіх безадмоўна. А як жа «Віталюру» ўдалося заручыцца сваімі 4 тысячамі галасоў? Прадпрымальніца разводзіць рукамі і гаворыць, што другому боку дапамог адміністрацыйны рэсурс. Паводле Натальлі, у сьпісах за будоўлю ў парку ёсьць і подпісы іншагародніх.

«Але чаму яны маюць права вырашаць, што нам патрэбна ў Асіповічах?», — пытаецца жанчына.

Ідзём з Натальляй у парк і аглядаем меркаваную пляцоўку пад супэрмаркет «Віталюра». Парк не агароджаны і, акрамя эстрады ды невялікай дзіцячай пляцоўкі, ня мае ніякіх выразных аб’ектаў. У куце, які адводзяць для будоўлі «Віталюра», летам разьмяшчаюцца атракцыёны і цырк шапіто, а на 3 ліпеня тут частуюць «салдацкай кашай», расказвае мой гід па асіповіцкім парку.

Цераз парк вядуць некалькі стыхійных сьцежак. Спыняю мінакоў пытаньнем, ці хочуць яны, каб на гэтым месцы пабудавалі супэрмаркет? Пэнсіянэркі Зінаіда і Валянціна катэгарычны супраць.

Пэнсіянэрка Валянціна

«Яшчэ б ад крамы адзеньня не адмовіліся б, а прадуктовых крамаў у Асіповічах хапае. Грошай не стае, а крамаў досыць», — кажа сьмялейшая Зінаіда.

З суседняй СШ № 1 пасьля ўрокаў ідуць дамоў старшаклясьнікі Яўген, Аляксей і Паліна. Зь іх толькі Аляксей спачатку быў ня супроць зьяўленьня ў парку «Віталюра», але, сустрэўшы нэгатыўную рэакцыю сяброў, схамянуўся: «Сапраўды, навошта. Хай лепш растуць дрэвы». Падлічваем, што на месцы, заплянаваным пад будоўлю, расьце каля 50 дрэваў ліставых парод, у тым ліку бяроз. Калі праект рэалізуюць, іх усе зьнішчаць.

Але што абяцае «Віталюр»?

Раніцай 19 лістапада група мясцовых прадпрымальнікаў сустракалася адносна праблемы будоўлі «Віталюра» з кіраўнікамі раёну, у тым ліку з старшынём райвыканкаму Канстанцінам Жыгуцкім. Паводле Натальлі Пахоменкі, вынікам размовы стала тое, што ім паабяцалі не дапусьціць будоўлі ў парку. Ініцыятыўная група ўжо траха не сьвяткавала перамогу, але ў той жа дзень у мясцовай раёнцы «Асіповіцкі край» зьявіўся артыкул пад назвай

«Супэрмаркет „Віталюр“ у Асіповічах: асаблівасьці інвэстпраекту». «Сэнс артыкулу — пераканаць жыхароў гораду, што ад будоўлі супэрмаркета ў парку ўсім будзе толькі карысьць. Ня ведаю, гэта быў рэклямны артыкул або заказны, ці як там у вас, журналістаў, называецца, але мы зразумелі, што барацьба за парк працягваецца, і зноў лік не на нашым баку!» — кажа Натальля.

Што ж напісаў «Асіповіцкі край»?

«Добраўпарадкаваньне пад’язных шляхоў і тратуараў, азеляненьне прылеглай тэрыторыі, будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі. Мы заўсёды выконваем свае абяцаньні, — падкрэсьлівае Віталь Яцук (адзін з кіраўнікоў „Віталюра“. — РС). — Асіповічы ня стануць выключэньнем. Мы ня менш за жыхароў гораду зацікаўленыя ў тым, каб у іх было прыдатнае, прыгожае, добраўпарадкаванае месца адпачынку разам з нашым супэрмаркетам».

Адна з трох пляцовак, якая не прывабіла кампанію «Віталюр»

Ці прапаноўвалі інвэстарам зь «Віталюра» альтэрнатыўныя пляцоўкі?

На гэтае пытаньне Свабодзе падрабязна адказаў намесьнік старшыні Асіповіцкага райвыканкаму Сяргей Ананіч, які ў раёне зьяўляецца куратарам сфэры гандлю. Паводле Сяргея Ананіча, «Віталюру» на ягоны запыт прапаноўвалі для будоўлі супэрмаркета тры іншыя пляцоўкі: на вуліцы Сташкевіча, каля закінутай будоўлі шпіталя; на вуліцы Сумчанкі каля АЗС і на вуліцы Дзяржынскага.

«Гэта ўсяго за 300 мэтраў ад парку, вельмі пэрспэктыўнае месца. Але так, туды трэба весьці камунікацыі. У выніку „Віталюр“ вырашыў па-свойму і працягвае настойваць на пляцоўцы ў парку», — паведаміў Сяргей Ананіч.

Пры гэтым чыноўнік прызнаўся, што зьдзіўлены такому выбару, бо, на ягоную думку, пляцоўка ў парку менш выгадная ў камэрцыйным сэнсе, чым на вуліцы Сташкевіча. «Там жа побач шмат жылых дамоў, гэта наш мікрараён, які ў народзе называюць БАМам, там будзем і далей разьвіцца».

У канцы размовы з карэспандэнтам намесьнік старшыні райвыканкаму Сяргей Ананіч выказаўся аб выніках працы камісіі, створанай на загад старшыні райвыканккаму.

«Мы арганізавалі грамадзкае абмеркаваньне ў тым ліку таму, што пазыцыі да гэтай будоўлі аказаліся такія розныя, а гораду не патрэбен канфлікт. Якраз сёньня абмеркаваньне закончылася, днямі зьбярэцца камісія, якая падвядзе вынікі і агучыць рашэньне, ці даць дазвол на будаўніцтва „Віталюра“ ў парку. Я ня сябра камісіі, таму не бяруся прадказваць гэты вынік», — сказаў чыноўнік.

Атрымаць камэнтар ад кампаніі «Віталюр» пакуль не ўдалося. Супрацоўніца аддзелу маркетынгу, дзе адказваюць за кантакты з прэсай, папрасіла даслаць на электронны адрас нашы пытаньні, а потым перадала, што адрасавала іх сваёй начальніцы Алене Сідзікавай, якая была занятая. Чакаем адказу.