Сайты перавозчыкаў, якія прыкідваюцца таксі, могуць заблякаваць 

Яндэкс таксі

Кампаніі, якія прапаноўваюць паслугі арэнды аўта з кіроўцам, абавязаныя выконваць патрабаваньні закону, як і ўсе іншыя перавозчыкі, спасылаецца на ліст Міністэрства транспарту і камунікацый ​Tut.by.

Парушальнікаў ужо пачала прыцягваць да адказнасьці Транспартная інспэкцыя, неўзабаве да санкцый падключыцца Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ).

Як адзначаюць у ведамстве, Uber, «Яндэкс.Таксі» ды іншыя дыспэтчарскія службы, якія прапаноўваюць паслугу арганізацыі перавозак пасажыраў пры дапамозе сродкаў электрасувязі і інтэрнэту, мусяць кіравацца агульнымі правіламі: праходзіць тэхагляд машын раз на паўгода і штодзённы перадрэйсавы мэдагляд кіроўцы, мець пазнакі на кузаве ў выглядзе жоўтых палос, афармляць страхоўку адказнасьці перад пасажырам і г. д.

Сыстэма навігацыі

Аднак на практыцы такія патрабаваньні практычна не выконваюцца, сьцьвярджае намесьніца начальніка Транспартнай інспэкцыі Анастасія Сямашка.

«Паслуга арэнды аўто з экіпажам і таксі ня можа аказвацца адначасова. Аказаньне паслугі па перавозцы пасажыраў разам з той інфармацыяй, якую яны разьмяшчаюць на сайтах, зьяўляецца прытворнай дамовай. Калі такі аўтамабіль патрапіць у ДТЗ і пасажыр атрымае траўму, то кампэнсаваць шкоду фірма-перавозчык ня будзе, адказнасьць за тое, што адбылося, нясе сам пасажыр як арандатар».

Разьмяшчэнне перавозчыкамі ў інтэрнэце непраўдзівай інфармацыі кваліфікуецца як распаўсюд неналежнай рэклямы. Таму ў МАРГ накіравана прадпісаньне адносна абмежаваньня доступу да некаторых сайтаў фірмаў-перавозчыкаў. Калі да сярэдзіны сьнежня парушэньні ня будуць выпраўленыя, да іх будуць ужытыя больш кардынальныя меры, паабяцалі ў Транспартнай інспэкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў Магілёве і Менску пратэстуюць таксісты «Яндэкса»

У «Яндэкс. Таксі» ужо заявілі, што перайшлі да аказаньня паслугаў па страхаваньні сваіх пасажыраў.

За 10 месяцаў бягучага году Транспартная інспэкцыя Мінтрансу праверыла 4333 таксі, у 3329 аўтамабілях выявілі парушэньні заканадаўства. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 1783 асобаў, перавозчыкам выдалі 1123 прадпісаньні на ліквідацыю парушэньняў.