Менскі мастак намаляваў «Шлях да незалежнасьці»: Пазьняк і зьніклыя палітыкі пад нацыянальнымі сымбалямі. ФОТА

Аляксей Панцюк-Жукоўскі з апошняй часткай трыптыху

Менскі мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі завяршыў працу над трыптыхам пад агульнай назвай «Шлях да незалежнасьці». Апошні фрагмэнт «Мая Беларусь. Дзевяностыя» прысьвечаны першым гадам станаўленьня маладой дзяржавы. Наперадзе пад нацыянальнымі сымбалямі — знакавыя асобы таго пераломнага пэрыяду.

Раней зьявіліся палотны, прысьвечаныя падпісаньню Белавескіх пагадненьняў 8 сьнежня 1991 году, — «Тайная вячэра» і «Шлях да адраджэньня». Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і Станіслаў Шушкевіч ставяць крыж на савецкай імпэрыі.

«Тайная вячэра» з трыптыху «Шлях да незалежнасьці»

«Шлях да адраджэньня» з трыптыху «Шлях да незалежнасьці»

Знакавыя асобы дзяржаўнасьці

«Калі я зафіксаваў сустрэчу тагачасных кіраўнікоў Расеі, Украіны і Беларусі ў Віскулях, зразумеў, што чагосьці не хапае. Карціна сьвету ня поўная бяз тых людзей, якія змагаліся за незалежнасьць на вуліцах і плошчах, — кажа мастак. — Але грамаду пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і „Пагоняй“ трэба падаць так, каб гісторыя ня толькі выразна чыталася, а каб яе ўспрыняў увесь народ. Таму кампазыцыйныя хады знаходзіў празь лёзунгі — Радзіма, свабода, салідарнасьць, самастойнасьць».

Дамінантай твору — вялізны бел-чырвона-белы сьцяг, які лунае над людзкім натоўпам. Шлях да адраджэньня задае старажытны літоўскі вершнік на харугвах — нездарма лёзунгі кажуць пра пераемнасьць ад ВКЛ.

«Мая Беларусь. Дзевяностыя». Аўтар Аляксей Панцюк-Жукоўскі

Суразмоўца кажа, што не дамагаўся фатаграфічнай дакладнасьці, вобразы на карціне збольшага зборныя. Але ў першых шэрагах пазнаюцца дзеячы, чыя актыўнасьць прыпадае на этап фармаваньня беларускай незалежнасьці: Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч, Васіль Быкаў, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька. Сёньня некаторыя зь іх істотна разышліся ў поглядах, але ў кадры яны паплечнікі — толькі кансалідацыя здольная прывесьці да агульнай мэты, перакананы аўтар твору.

«Быкаў удзельнічаў у арганізацыі БНФ, адпаведна, наперадзе калёны. Пазьняка хоць усяляк і скланяюць, што зьехаў, забаяўся, але ў той час ён быў галоўнай адзінкай змаганьня, таму сярод лідэраў шэсьця. Шушкевіч кіраваў парлямэнтам, значыць, таксама тут. Людзі, якія пакінулі свой сьлед у гісторыі. Ну а далей ужо тыя, хто ім дапамагаў, — палітыкі, дэпутаты, актывісты, неабыякавыя грамадзяне», — гаворыць Аляксей Панцюк-Жукоўскі.

Зьніклыя апанэнты рэжыму на пярэднім пляне

Тут жа і тыя, хто пры нявысьветленых абставінах зьнік ці падазрона памёр: Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Зьміцер Завадзкі, Генадзь Карпенка. Ідуць і мастакі суполкі «Пагоня», унёсак якіх у справу беларушчыны бясспрэчны: Аляксей Марачкін, Яўген Кулік, Мікола Купава, Уладзімер Вішнеўскі, Алесь Пушкін. І бясконцая грамада, якая губляецца за гарызонтам.

«Галоўнай задачай было прымусіць людзей адчуць, што і яны зьнітаваныя з тымі падзеямі, — тлумачыць творца. — Усю сваю гісторыю беларусу даводзілася выжываць. Нас прыніжалі, не лічыліся з культурай, мовай. Таму хацелася паказаць, што ў 1990-я нават у мірным пераходзе да сваёй дзяржавы народ выйшаў, разумеючы важнасьць выбару. Трэба было мастацкімі вобразамі перадаць вось гэты ўздым сьвядомасьці».

Лёзунгі адраджэнцаў пачатку 1990-х

Лёсавызначальная місія БНФ

Аляксей Панцюк-Жукоўскі не адносіць сябе да апазыцыянэраў, бо, як кажа сам, шмат якія ідэі за прамінулы час «былі дэвальваваныя самімі ж лідэрамі». Але ўнёсак Беларускага Народнага Фронту ў здабыцьцё незалежнасьці лічыць бясспрэчным. Таму і зьмясьціў на карціне ягоны сьцяг.

«БНФ тады яшчэ ня быў партыяй, толькі грамадзкае аб’яднаньне. Але ўплыў меў магутны. Фронт супрацьстаяў камуністычнай ідэалёгіі, патрабаваў кардынальных палітычных зьменаў. Самастойнасьць, незалежнасьць — гэтыя мэты пасьлядоўна рэалізоўваліся, аж да падпісаньня Белавескіх пагадненьняў. Таму „Дзевяностыя“ невыпадкова сталі цэнтральнай працай трыптыху», — адзначае суразмоўца.

Майстэрня мастака

Ня так даўно мастак апынуўся ў прыцэле крытыкі за іншы жывапісны трыптых — «Мая Беларусь. На скрыжаваньні стагодзьдзяў». На палотнах — асобы, якія адзначыліся на розных гістарычных этапах: першы вялікі князь ВКЛ Міндоўг, партыйны дзеяч Пётар Машэраў і цяперашні кіраўнік Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем.

Апанэнты пакпілі з удалай спробы «прагнуцца» пад уладу. Публічны паказ твору быў забаронены праз «адсутнасьць дазволу» на адлюстраваньне вобразу найвышэйшай асобы.

Трыптых «Мая Беларусь. На скрыжаваньні стагодзьдзяў»

Сам Аляксей Панцюк-Жукоўскі тлумачыць, што не перасьледаваў карысьлівых мэтаў, бо таксама мае да кіраўніка дзяржавы стос пытаньняў.

«Мне, напрыклад, ня вельмі прыемна, што прэзыдэнт пераходзіць на беларускую, каб кагосьці абразіць. Во, маўляў, „сьвядомыя“ ўчынілі. Калі з вуснаў першай асобы такое прамаўляецца ў нэгатыўным кантэксьце, дык цень падае не на таго, хто выйшаў на акцыю, а на ўсіх беларусаў. Трэба, каб само кіраўніцтва як мага хутчэй перайшло на дзяржаўную беларускую мову, тады гэтыя словы ня будуць рэзаць слых», — удакладняе мастак.

Рознажанравыя працы мастака

Не праспаць «паглыбленую інтэграцыю»

Цяперашнім часам, калі кіраўнікі Беларусі і Расеі дамаўляюцца пра «паглыбленую інтэграцыю», а частка беларусаў кажа пра магчымую страту незалежнасьці, пратэставай актыўнасьці ўзору 1990-х ня бачна.

На думку Аляксея Панцюка-Жукоўскага, выглядае, што сёньняшняя сытуацыя збольшага задавальняе паспалітых беларусаў.

«Лукашэнка даў скварку і чарку, каб пра іншае ня думалі. І тых жа чыноўнікаў прыкарміў, таксама ня хочуць перавароту. Расея на гэтым фоне — фактар другасны, таму і не выходзяць пратэставаць. Я таксама не магу адкрыта крытыкаваць, што прэзыдэнт такі-сякі. Наколькі можа ў гэтай сытуацыі, настолькі спраўляецца, шукае рычагі. Да таго ж мы ня ведаем, што адбываецца за кулісамі, нічога ж нам не тлумачаць...» — кажа мастак.

Аляксей Панцюк-Жукоўскі зь незалежніцкім цыклем

Тым важней у сытуацыі грамадзкай інэртнасьці нагадаць, як народная актыўнасьць паспрыяла зьмене дзяржаўнага ладу, працягвае Аляксей Панцюк-Жукоўскі. І ў гэтым адна зь місій любога неабыякавага творцы. Асабліва напярэдадні 8 сьнежня — дня, калі ў 1991 годзе канстатавалі развал Савецкага Саюзу, у 1999-м падпісалі дамову аб утварэньні «саюзнай дзяржавы, а ў 2019-м плянуюць падпісаць дакумэнты аб «інтэграцыі», зьмест якіх грамадзкасьці дагэтуль невядомы.

Аўтар спадзяецца, што абраная тэма ня стане падставай, каб тармазіць твор на ўзроўні ведамасных мастацкіх радаў.

Выставачная анатацыя да карцін

«Насьпеў час паказаць працы, — падсумоўвае ён. — Усё ж і грамадзкая думка, і кіраўніцтва пакрысе паварочваюцца да каранёў, да беларускасьці. Гэта засьведчыла і пахаваньне Каліноўскага: няхай нашы ўлады крыху збоку, але прапаганда ўжо адстойвае, што гэта наш герой, прыходзіць усьведамленьне... Нашы ўладары — з савецкага часу, з той ідэалёгіі. Адразу сябе прымусіць па-іншаму думаць, успрымаць гісторыю складана. Таму ня варта надта чапляцца — як да простага чалавека, так і да чыноўніка. Трэба выхоўваць грамадзяніна, беларуса. Не аднаго дня задача».

Аляксей Панцюк-Жукоўскі разумее, што ягоныя палітызаваныя працы наўрад ці будуць мець камэрцыйны посьпех, і гатовы чакаць мэцэната, які паспрыяе захаваньню жывапіснай хронікі незалежнасьці.

Партрэт Сьвятланы Алексіевіч

Партрэт Жарэса Алфёрава

У перапынках паміж глябальнымі праектамі мастак піша пэйзажы і натурморты — каб на нешта жыць, удакладняе ён. А таксама працягвае ствараць галерэю вядомых сучасьнікаў. Апошнімі з-пад пэндзля выйшлі партрэты беларускіх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі — пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч і фізыка-навукоўца Жарэса Алфёрава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25 вобразаў Аляксандра Лукашэнкі ў выяўленчым мастацтве — да 25 гадоў кіраваньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак прыняў віягру і прымацаваў на чэлес шыльду «Міністэрства культуры». Навошта?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як рэстаўруюць правобраз «Чорнага замку Альшанскага». ФОТА