Формула посьпеху — «зваліць». Жанна Нямцова прэзэнтавала ў Менску дасьледаваньне аб настроях моладзі

Беларуская моладзь больш апалітычная, чым расейская і ўкраінская. Яна выступае за перамены, але баіцца «сьвяціцца». І выступае супраць інтэграцыі з Расеяй, бо ня хоча быць «ускраінай на ўзбочыне» ды «паўночна-заходнім краем».

Расейская журналістка Жанна Нямцова, якая з 2015 году жыве і працуе ў Нямеччыне, прэзэнтавала ў Менску вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня «Няроўнасьць і мабільнасьць. Будучыня вачыма моладзі», для якога апытвалі моладзь Расеі, Беларусі, Украіны і Армэніі.

У Беларусі было праведзена 10 інтэрвію: 5 зь менчукамі і 5 — з магілёўцамі, прычым і са студэнтамі, і з навучэнцамі ПТВ, расказала Жанна Нямцова, мадэратарка дыскусіі, што прайшла 4 сьнежня ў «Прэс-клюбе».

На сцэне зьлева направа: Стась Шашок, Алана Гебрэмарыям, Жанна Нямцова, Вiталь Каратыш, Сяргей Альшэўскі

Удзельнікі дыскусіі зь беларускага боку — Сяргей Альшэўскі, выкладчык, кіраўнік праекту «Народны падручнік»; Віталь Каратыш, кіраўнік аддзелу дасьледаваньняў кампаніі «НОВАК», дырэктар агенцыі «Тваё заўтра»; Алана Гебрэмарыям, сябра рады Задзіночаньня беларускіх студэнтаў; Стась Шашок, актывіст нефармальнага аб’яднаньня «Моладзевы блёк». У залі каля сотні чалавек.

«У Беларусі няма сацыяльнай няроўнасьці, бо мы ўсе бедныя»

«Беларусь вельмі моцна адрозьніваецца ўзроўнем успрыманьня няроўнасьці, сацыяльнага расслаеньня грамадзтва. Для Расеі, Украіны, Армэніі гэта вялікая праблема, жудасная несправядлівасьць, невырашальная для моладзі. І толькі ў Беларусі рэспандэнтаў амаль не хвалюе праблема няроўнасьці, людзі ня так востра адчуваюць кантрасты», — сьцьвярджае, грунтуючыся на выніках дасьледаваньня, Жанна Нямцова.

Жанна Нямцова

Віталь Каратыш адказаў жартам: «Калі казаць пра сацыяльную няроўнасьць, яна сапраўды не такая вялікая, бо мы ўсе бедныя — у абсалютнай большасьці».

Сяргей Альшэўскі як выкладчык матэматыкі апэруе лічбамі: паводле Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, 80% беларусаў маюць сродкі толькі на штодзённыя патрэбы і ня могуць адкласьці грошы, і толькі 5% рэгулярна адкладаюць на «чорны дзень».

Алана Гебрэмарыям таксама пацьвярджае, што няроўнасьць ёсьць, але няма жорсткага падзелу на багатых і бедных.

А Стась Шашок цытуе знаёмых расейцаў, якія, прыяжджаючы ў Менск, кажуць: «Хлопцы, у вас рэальны сацыялізм — і гэта крута!»

«У мэдыя любяць абмяркоўваць ІТ і заробкі ў гэтай сфэры. Ёсьць касты, якія зарабляюць прыстойна, але гаварыць пра няроўнасьць у Беларусі не выпадае», — перакананы Стась Шашок.

У правінцыі магчымасьцяў для моладзі значна менш, чым у сталіцы

Ці ёсьць розьніца паміж Менскам і рэгіёнамі? — пытаецца мадэратарка дыскусіі Жанна Нямцова.

Віталь Каратыш сьцьвярджае, што, безумоўна, больш пэрспэктываў у Менску.

«Я сам прыехаў у сталіцу з маленькай вёскі. Але нам, „панаехаўшым“, каб выжыць, трэба прыкласьці больш намаганьняў, мы павінны змагацца, недасыпаць, мы гатовыя працаваць значна больш. І таму многія правінцыялы дабіваюцца значных посьпехаў.Але я ня бачу тут глябальнай праблемы. У нас паўсюль бедна. У Менску — менш бедна, у правінцыі — больш бедна», — выказаў думку Віталь Каратыш.

Жанна Нямцова, Вiталь Каратыш і Сяргей Альшэўскі

Сяргей Альшэўскі таксама згодны, што ў маленькіх паселішчах магчымасьцяў у моладзі значна менш. Імавернасьць паступіць у ВНУ ў сельскай моладзі меншая, бо сярэдні бал ЦТ адрозьніваецца ў сталіцы і на вёсцы прынамсі на 20 пунктаў.

Стась Шашок дадае, што ў амбіцыйнай моладзі з правінцыі спачатку стаіць мэта пераехаць у Менск, а потым яна на Менску не спыняецца, зьяўляюцца новыя мэты — пераехаць, да прыкладу, «у Піцер ці наагул за мяжу».

«Разьмеркаваньне — прымусовае рабства»

Жанна Нямцова прызналася: толькі з вынікаў дасьледаваньня яна даведалася, што ў Беларусі дагэтуль існуе разьмеркаваньне. «Беларусь у гэтым сэнсе — перадавік, альбо гэта анахранізм?» — пытаецца мадэратарка дыскусіі. І дадае, што для рэспандэнтаў зь Беларусі разьмеркаваньне было асноўным страхам.

Наведнікі сустрэчы

Віталь Каратыш выказвае адназначную думку: прымусовае разьмеркаваньне — гэта форма гвалту.

«Але, як ні дзіўна, я чуў іншыя думкі ад моладзі, маўляў, „як гэта здорава, чалавеку гарантуецца першае працоўнае месца“. Ня ведаю, можа, гэта добрая праца дзяржаўных ідэолягаў і прапагандыстаў. Але на маю думку — гэта ненармальна. Трэба думаць аб стымуляваньні разьвіцьця рэгіёнаў, да прыкладу, увесьці каэфіцыенты да заробкаў, каб людзі хацелі там працаваць, бо на пэрыфэрыі можна добра зарабіць. Але не такім гвалтоўным чынам», — перакананы Віталь Каратыш.

Сяргей Альшэўскі дадае, што моладзь пасьля адпрацоўкі не затрымліваецца на месцы разьмеркаваньня.

«Калі моладзь, адпрацаваўшы, „звальвае“ ці нават гатовая заплаціць за адукацыю, каб не адпрацоўваць, гэта азначае: сыстэма разьмеркаваньня неэфэктыўная. Прымусовае рабства — не працоўны мэханізм. Калі мэханізм не працуе — яго неабходна мяняць. Як на мяне — лепш скасаваць разьмеркаваньне», — кажа спадар Альшэўскі.

Зьлева направа: Стась Шашок, Алана Гебрэмарыям, Жанна Нямцова, Вiталь Каратыш, Сяргей Альшэўскі

Алана Гебрэмарыям падае лічбы дасьледаваньня, якое «Моладзевы блёк» праводзіў напярэдадні парлямэнцкіх выбараў: 65% выпускнікоў хочуць «адкасіць» ад разьмеркаваньня.

Віталь Каратыш дадае, што мэханізм разьмеркаваньня дрэнны ня толькі для выпускнікоў, якіх накіроўваюць на працу, але і для працадаўцы: ён ня можа звольніць чалавека, які мала што ведае, мала што ўмее і прынцыпова ня хоча «выкладвацца» за мізэрны заробак. А працадаўца вымушаны яму плаціць і трымаць на працы.

«Мэханізм разьмеркаваньня, магчыма, не такі дрэнны, але кепска, што гэта абавязковае разьмеркаваньне. Атрымліваецца, што абавязковае разьмеркаваньне — гэта ўзаконенае рабства», — падводзіць вынік дыскусіі малады чалавек з залі.

У адрозьненьне ад Расеі і Ўкраіны, беларуская моладзь цалкам апалітычная

На думку Сяргея Альшэўскага, віна ў гэтым палягае і на дзяржаўных прапагандыстах і ідэолягах.

«Вы ведаеце такое, што „ШАГ“? „Школа актыўнага грамадзяніна“. Па чацьвяргах у школу прыходзіць дзядзька з райвыканкаму. Дзеці ў нас прасунутыя, жывуць у інтэрнэце, а ім прамываюць мазгі. Ёсьць яшчэ і БРСМ, у якога ў тэорыі ёсьць і добрыя праекты, але ў рэалізацыі яны кульгаюць. Дзяцей караюць за тое, што яны няправільна думаюць», — кажа Сяргей Альшэўскі.

Стась Шашок прызнаецца, што пастаянна адчуваў ціск настаўнікаў, бо бацькі ў яго трымаліся апазыцыйных поглядаў.

«Мяне ў школе лічылі ледзьве ня ворагам народу, прыдуркам, адмарозкам. У нас апошнія 25 гадоў сыстэма рабіла ўсё, каб задушыць на корані актыўнасьць, грамадзянскую сьвядомасьць, Я цалкам згодны з думкаю і дасьледнікаў, і Жанны Нямцовай, што наша моладзь апалітычная, абыякавая, яна адрозьніваецца нават ад старэйшага пакаленьня, якое ў 1990-я гады ладзіла пратэсты. Прычына — у страху», — перакананы Стась Шашок.

Ці ёсьць у Беларусі запыт на перамены?

Былая кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алана Гебрэмарыям кажа, што пасьля парлямэнцкай кампаніі яна зрабіла выснову: моладзь жаданьне перамен мае, але баіцца «сьвяціцца».

«На пікеты, акцыі прыходзілі новыя людзі, але яны пакуль не гатовыя адкрыта выйсьці з плякатамі. Нават актыўную моладзь адштурхоўвае тое, што няма як дагрукацца да ўладных структураў, якія прымаюць рашэньні, няма вагароў узьдзеяньня. Мы ладзілі пікет перад Міністэрствам адукацыі і запрашалі міністра Ігара Карпенку „на дыван“, разумеючы, што ён ніколі да нас ня выйдзе. Гэта было ад бясьсільля, што нас ня чуюць», — кажа Алана.

Станіслаў Шашок дадае, што інфармацыя да моладзі дзякуючы інтэрнэту даходзіць. І што беларуская моладзь таксама глядзіць Навальнага.

На гэту рэпліку Жанна Нямцова адказала рытарычным пытаньнем: «Дык чаго ж у беларусаў няма свайго Навальнага?»

За мяжой вучацца каля 35 тысяч беларусаў. Бальшыня наўрад ці вернецца ў краіну

«Што ёсьць формулай посьпеху для беларускай моладзі? У Расеі ўсё больш людзей хоча эміграваць. Як у Беларусі? Гэта таксама эміграцыя?» — пытаецца мадэратарка дыскусіі Жанна Нямцова.

«Ну, ня толькі» — раздаюцца нясьмелыя галасы ў залі. Жанна задае канкрэтнае пытаньне Алане Гебрэмарыям.

«Ня хочацца пачынаць з нэгатыўнага. Я прыгадваю, як Аляксандар Лукашэнка даваў інтэрвію прадстаўнікам недзяржаўных СМІ, і аналягічнае пытаньне задала яму галоўная рэдактарка парталу tut.by Марына Золатава: маўляў, моладзь эмігруе, бо ня бачыць пэрспэктываў. „Ну ты ж тут засталася, ты ж рэалізавалася“, — пярэчыць ёй Лукашэнка.

У залі

Пэўныя людзі ня хочуць прыкладаць намаганьні ў Беларусі, думаюць, што ім лягчэй будзе рэалізавацца за мяжой. Юнакоў правакуе да эміграцыі служба ў войску. За мяжой зараз атрымліваюць адукацыю 35 тысяч маладых беларусаў», — прыводзіць лічбу Алана.

«У многіх маладых людзей формула посьпеху — менавіта „зваліць“. І кантактуючы з моладзьдзю, разумееш: зьехаць яны хочуць ад татальнай несвабоды. Ёсьць некаторыя рэчы, якія, так бы мовіць, „вымарожваюць“: гэта разьмеркаваньне, закон аб адтэрміноўках і пагроза службы ў войску», — кажа Стась Шашок.

Сяргей Альшэўскі расказаў, як ў 2013 годзе ён працаваў у Міністэрстве адукацыі і тады быў татальны правал школьнікаў на ЦТ. З краіны тады «зьніклі» больш за 20 тысяч маладых людзей — яны масава зьехалі паступаць, як пазьней высьветлілася, у Расею — ажно 24 тысячы. Але колькасьць тых, хто паступае ў расейскія ВНУ, з 2014 году падае, затое істотна пабольшала ахвочых вучыцца ў Польшчы.

На сцэне зьлева направа: Стась Шашок, Алана Гебрэмарыям, Жанна Нямцова, Вiталь Каратыш, Сяргей Альшэўскі

«Пяціклясьнкі, якім я выкладаю, адкрыта кажуць, што зваляць адсюль, бо ня хочуць служыць. Задайце ў google „вучоба за мяжой“. Гэта цэлы бізнэс — у Горадні адкрыліся прыватная польская школа, дзіцячыя садкі з польскай мовай, паўсюль рэклямуюць рыхтаваньне да паступленьня ў Польшчу, Чэхію. Рэальна краіну зачышчаюць — разумная, талковая моладзь зьяжджае», — сьцьвярджае Сяргей Альшэўскі.

Жанна Нямцова кажа, што паводле вынікаў дасьледаваньня, самымі прывабнымі краінамі эміграцыі для беларусаў ёсьць Польшча і Літва.

«А вось Расея не называецца краінай, прывабнай для эміграцыі, — ні рэспандэнтамі зь Беларусі, ні з Украіны», — канстатуе яна.

Уся заля — супраць інтэграцыі з Расеяй

І апошняе пытаньне, надзённае, хоць яно не было прадметам дасьледаваньня, Жанна Нямцова сфармулявала так: «Паглыбленьне інтэграцыі з Расеяй — гэта станоўчы ці адмоўны момант для беларусаў?»

Яна прапанавала прысутным падняць рукі: хто за тое, што гэта станоўчы фактар? Ніхто не падняў руку — уся заля супраць «інтэграцыі».

Вось некалькі аргумэнтаў з залі:

«Як мне падаецца, інтэграцыя — гэта паглынаньне Беларусі Расеяй. Мы можам стаць рэгіёнам Расеі. Калі будзе прынята рашэньне аб інтэграцыі, Беларусь страціць магчымасьць прымаць нейкія важныя рашэньні на сваёй тэрыторыі. Цэнтралізаваная сыстэма горшая, чым калі ў кожнага рэгіёну ёсьць свой цэнтар, што прымае лякальныя рашэньні. Бо будзем ускраінай на ўзбочыне».

«Я ідэнтыфікую сябе як грамадзянка Рэспублікі Беларусі. І не хачу ідэнтыфікаваць сябе як грамадзянка нейкай іншай краіны. У мяне павінна быць свая тэрыторыя, дзе я жыву. Я не магу лічыць сябе беларускай на тэрыторыі фэдэратыўнае дзяржавы».

«Ня маю адчуваньня, што ў Расеі лепш жывуць. Мы жывем у той жа інфармацыйнай прасторы, што і расейцы: глядзім расейскае тэлебачаньне, глядзім на ютубе Аляксея Навальнага. Мне здаецца, у Беларусі ўсё ж такі лепш і спакайней».

«Інтэграцыя мае на ўвазе роўнасьць. Але пра якую роўнасьць можа ісьціся, калі расейцаў 140 мільёнаў, а беларусаў — менш за 10? Калі будзе інтэграцыя, адбудзецца пераход на расейскае заканадаўства, выканаўчая ўлада будзе расейскай. Нашы дэкрэты наконт ІТ працаваць ня будуць. Ніякай гаворкі пра партнэрскія адносіны ісьці ня можа. Як можна добраахвотна на такое пагадзіцца?»

«У нас даўно не забіваюць за тое, што ня так думаеш. Могуць выгнаць з працы, з вучобы і яшчэ дадуць магчымасьць „зваліць“, каб не было шмат шуму. Але з „калашнікава“ не прыб’юць у пад’езьдзе ці пад мостам. Мне страшнавата было б у Расеі. Тут мы жывем хаця б ня ў страху. Адчуваньне магчымай інтэграцыі выклікае трывогу. Ня хочацца зноў стаць Паўночна-заходнім краем».

«Прачнуцца заўтра ў Расеі, мне здаецца, немагчыма. Бо ў нас не такі дурны ўрад, каб абвясьціць, што з заўтрашняга дня ў нас будзе агульны парлямэнт, агульная ўлада, падатковая сыстэма. Але я хвалююся праз сваё бясьсільле. Мы можам выказацца, прыйсьці на мітынг, напісаць у сацыяльных сетках. Але рэальна зьмяніць нічога ня можам. І гэта сумна».

«Я ўжо год жыву з думкай, што зь цягам часу мы можам апынуцца ў Расеі. Мо тады мы гэтую Расею развалім знутры? Магчыма, згубіўшы штосьці, мы зразумеем, як гэта для нас каштоўна. Не хацелася б туды, бо там яшчэ больш праблем. Але мяне шчыра натхняе, што ў Расеі ўжо пачаўся „варушняк“. Мяне ўзрушыла барацьба на мясцовых выбарах, мне гэта „ўзарвала“ мазгі! Каб беларусы змагаліся за мясцовыя выбары — гэта наагул штосьці нерэальнае! І гэты „варушняк“ ня толькі ў Маскве і Піцеры — людзі ў рэгіёнах пачынаюць выказваць свае асабістыя думкі».