Улады Нямеччыны выслалі двух супрацоўнікаў пасольства Расеі з прычыны забойства ў Бэрліне

Нямеччына абвясьціла двух супрацоўнікаў расейскай амбасады пэрсонамі нон-грата і выслала іх з краіны ў сувязі са справай аб забойстве грамадзяніна Грузіі ў Бэрліне.

На думку фэдэральнай пракуратуры Нямеччыны, да злачынства могуць быць датычныя расейскія ўлады. МЗС Нямеччыны ўдакладніў, што прыме новыя меры, калі Масква ня будзе супрацоўнічаць у расьсьледаваньні забойства.

У тэксьце афіцыйнага паведамленьня ў твітэры МЗС Нямеччыны гаворыцца, што грамадзяне Расеі высланыя ў сувязі з тым, што расейскія ўлады не аказалі сьледзтву адэкватнай дапамогі ў расьсьледаваньні забойства.

Паводле дадзеных Der Spiegel, высланыя расейцы — супрацоўнікі расейскай выведкі, якія працуюць пад прыкрыцьцём.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падазраваны ў забойстве ў Бэрліне былога чачэнскага камандзіра расеец прыехаў у ЭЗ па фальшывым пашпарце

  • 23 жніўня ў Бэрліне быў забіты грамадзянін Грузіі Зэлімхан Хангашвілі. Падчас другой чачэнскай вайны ён быў камандзірам аднаго з падразьдзяленьняў, якія змагаліся супраць расейскіх войскаў.
  • Паліцыя затрымала падазраванага на месцы забойства. Пры ім быў падроблены замежны пашпарт на імя Вадзіма Сакалова. Дакумэнт ён атрымаў за тыдзень да выезду за мяжу.
  • Расьсьледвальная група Bellingcat лічыць, што падазраваны — гэта расеец Вадзім Красікаў. У 2014 годзе ён быў абвешчаны Расеяй у міжнародны вышук па справе аб забойстве прадпрымальніка. Але праз паўгода вышук спынілі.
  • Афіцыйна пра асобу затрыманага не паведамляецца, сам ён заявіў, што ў яго ёсьць расейскае грамадзянства.

3 сьнежня нямецкія мэдыі паведамілі, што расьсьледаваньнем забойства Хангашвілі будзе займацца не паліцыя, а Генэральная пракуратура — з прычыны магчымага ўдзелу ў справе расейскіх спэцыяльных службаў.

Крэмль называе абвінавачваньні ў датычнасьці да забойства беспадстаўнымі.