«Што гэта дзеецца? Сьвет варʼяцее!», — так кажуць у Магілёве жыхары дому, пад якім 2 сьнежня знайшлі 9-месячнае дзіця. Хлопчыка выкінулі з гаўбца кватэры на першым паверсе, ён выжыў.
Паводле Сьледчага камітэту, дізцё ў рэанімацыйным аддзяленьні. Яго стан мэдыкі ацэньваюць як стабільна цяжкі, але пагрозы жыцьцю няма.
«Васіль так радаваўся, калі нарадзіўся хлопчык»
Інцыдэнт адбыўся ў звычайным панэльным шматпавярховіку на паўднёвай ускраіне Магілёва.
Паводле жыхароў, бацькі пацярпелага хлопчыка маюць кожны па кватэры на першым паверсе празь сьценку. У іх двое дзяцей — абодва хлопчыкі.
Суседзі характарызуюць бацьку як спакойнага мужчыну. Завуць яго Васіль. Двухпакаёвая кватэра яму засталася ад памерлай маці, зь якой ён жыў доўгі час.
«Ён так радаваўся, калі нарадзіўся хлопчык, — кажа адна з суседак, — што нават зь яго пасьмейваліся ў двары, але пра Васіля, паверце, кепскага слова ня скажа ніхто».
«У дзень, калі адбылася гэтая трагедыя, я яго бачыў, — дадае ягоны сусед. — Паспрабаваў быў зь ім загаварыць, дык ён роспачна махнуў рукой і, мне падалося, заплакаў нават ды прайшоў міма».
Суседзі пра маці: «Каб піла ці не клапацілася пра дзяцей, такога не было»
Як завуць маці хлопчыка, прыгадаць суседзі не змаглі. Яны кажуць, што яна «ні з кім асаблівай дружбы не вадзіла» і «ўсе дзівіліся, калі Васіль сышоўся зь ёю».
«Каб казаць, што яна піла і не клапацілася пра дзяцей, то такога не было, — кажа жыхар дому пра маці пацярпелага хлопчыка. — Яна звычайная жанчына, можа крыху пасьля 30. Пранырлівая. У яе, як мне падаецца, не зусім беларускі мэнталітэт. Яна вылучалася дужа актыўнымі паводзінамі».
Пагутарыць з Васілём і ягонай жонкай не ўдалося. Дамафон у кватэры маці быў адключаны. У бацькавай кватэры на званок ніхто не абазваўся.
«Калі дзіця заплакала, усе выдыхнулі з палёгкай, што жывое»
Паводле суседзяў, хлопчыка знайшлі пад гаўбцом кватэры маці ў першай палове дня.
«Хлопчыка ўбачыў мужчына, які выяжджаў на машыне з паркоўкі насупраць, — апавядае адзін з жыхароў дому. — Ён выклікаў хуткую дапамогу. А за ёю неўзабаве прыехала і міліцыя. Калі дзіця несьлі, то каля падʼезду стаяў лямант. Некаторыя клялі матку, бо тады ж ня ведалі, што яна не выкідвала дзіця».
Паводле суразмоўцы, спачатку хлопчыка занесьлі ў кватэру маці, а потым яго забрала хуткая дапамога. Кажа, калі дзіця выносілі з дому, яно заплакала, і тыя, хто быў каля падʼезду, з палёгкай выдыхнулі: жывое.
«Ды што гэта такое дзеецца ў сьвеце, хто скажа? То там дзіця забʼюць, то выкінуць, — не змагла стрымаць эмоцыі жыхарка дому. — Відаць, сьвет зварʼяцеў. Як жа тады жыць далей?».
Падазраваныя не змаглі патлумачыць, як дзіця апынулася на вуліцы
Як паведаміў Сьледчы камітэт, бацька хлопчыка, калі адбылося здарэньне, быў на працы, а да маці прыйшлі родзічы. Зь імі яна піла. Потым з старэйшым дзіцем і стрыечнай сястрой пайшла ў краму па сьпіртное.
«У кватэры заставаліся яе стрыечны брат, які спаў, і яго 45-гадовая маці, — гаворыцца ў паведамленьні Сьледчага камітэту. — Жанчына знаходзілася ў стане моцнага алькагольнага апʼяненьня і патлумачыць, як дзіця апынулася на вуліцы, не змагла».
Па падазрэньні ва ўчыненьні замаху на забойства малалетняга, які знаходзіўся ў бездапаможным стане, арыштаваная гэтая жанчына, а таксама яе 23-гадовы сын.
Паводле сьледчых, само дзіцё выпасьці з вакна не магло.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Біў галавой аб сьцяну». Мужчына зьдзекаваўся з жонкі, а потым зьнік з малым сынам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці на 12 гадоў турмы асудзілі студэнтку, якая забіла нованароджаную дачку