Падзеі 4 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.
Дата дня
4 сьнежня 1665 году пачала дзейнічаць Берасьцейская мынца (манэтны двор). Яна была заснаваная падчас грашовай рэформы караля Яна Казімера для біцьця літоўскіх медных шэлягаў — гэтак званых барацінак.
Таксама ў гэты дзень
1939 — у складзе БССР утвораная Беластоцкая вобласьць з цэнтрам у Беластоку.
1959 — адкрыўся для наведваньняў Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа ў Менску.
1971 — падчас канцэрту Фрэнка Запы было спалена казіно ў Монтрэ. Гэта падзея ўвечненая ў песьні гурта Deep Purple «Smoke on the Water» (Дым над вадою).
1989 — Генэральная Асамблея ААН ухваліла Міжнародную канвэнцыю аб барацьбе зь вярбоўкаю, выкарыстаньнем, фінансаваньнем і навучаньнем наймітаў.
1989 — у Маскве кіраўнікі Баўгарыі, Вугоршчыны, ГДР, Польшчы ды СССР асудзілі ўвод іхніх войскаў у Чэхаславаччыну ў жніўні 1968 году.
1997 — у Атаве 125 краін падпісалі Канвэнцыю аб забароне супрацьпяхотных мінаў. Сярод краін, якія адмовіліся падпісаць гэты дакумэнт, былі Кітай, Расея, ЗША.
У гэты дзень нарадзіліся
1874 — беларускі жывапісец Леў Альпяровіч. Сам ён быў з Куранца пад Вялейкай, вучыўся ў Вільні, а пасьля жыў і працаваў у Менску.
1875 — Райнэр Марыя Рыльке, нямецкі паэт.
1892 — Франсіска Франка, гішпанскі дыктатар.
У памяці
1131 — памёр Амар Хаям, пэрсыдзкі і таджыцкі паэт, матэматык, філёзаф.
1642 — памёр кардынал Рышэльё, францускі палітык.
1679 — памёр Томас Гобс, ангельскі філёзаф-матэрыяліст і матэматык.
1942 — падчас Другой усясьветнай вайны была закатаваная Вера Харужая, беларуская падпольніца, партызанка.
1972 — памёр Мікалай Аладаў, беларускі кампазытар і пэдагог.