Як Лукашэнка з Сэрбіяй сябраваў

Аляксандар Лукашэнка і Аляксандар Вучыч, Бялград, 3 сьнежня 2019

Цяпер адбываецца візыт Аляксандра Лукашэнка ў Сэрбію, ён сустракаецца з прэзыдэнтам гэтай краіны Аляксандрам Вуічам. У сувязі з гэтым нагадаем некалькі асноўных фактаў пра двухбаковыя адносіны.

  • У 2009 годзе паміж Беларусьсю і Сэрбіяй было заключанае пагадненьне аб свабодным гандлі. У выніку таваразварот павялічыўся ў 5 разоў, дасягнуўшы ў 2015 годзе ўзроўню 260 мільёнаў даляраў. Аднак потым узаемны гандаль зьнізіўся, у 2018 годзе ён склаў 148 мільёнаў даляраў, беларускі экспарт дасягнуў узроўню 85 мільёнаў даляраў.
  • Аляксандар Лукашэнка наведваў Сэрбію 4 разы — у 1998, 1999, 2009 і 2014 гадах. У 1999 годзе візыт адбыўся падчас баявых дзеяньняў, якія альянс NATO вёў супраць Югаславіі.
  • У 1990-я гады абмяркоўвалася пытаньне аб далучэньні Сэрбіі да саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
  • Беларусь ніколі не прызнавала незалежнасьць Косава. Аднак у 2018 годзе кіраўнік Косава Хашым Тачы ўзяў удзел у пасяджэньні ў Менску Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы. У працы таго форуму брала тады ўдзел таксама кіраўніца ўраду Сэрбіі Ана Брнабіч.
  • Прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Нікаліч наведваў Беларусь у 2013 і 2015 гадах, у 2013 годзе Лукашэнку быў уручаны сэрбскі ордэн за заслугі ў разьвіцьці і ўмацаваньні супрацоўніцтва і дружалюбных адносінаў паміж Сэрбіяй і Беларусьсю.
  • Тагачасны прэм’ер-міністар Сэрбіі, цяперашні прэзыдэнт краіны, Аляксандар Вучыч быў з візытам у Беларусі ў 2017 годзе. Таксама Вучыч, ужо ў рангу прэзыдэнта, наведаў Беларусь сёлета, падчас правядзеньня Эўрапейскіх гульняў, аднак не зьявіўся на трыбуне з прычыны ўдзелу ў спаборніцтвах каманды Косава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра братоў Карычаў: «Яны будуюць цэнтар Менску»
  • У 2012 годзе Сэрбія далучылася да візавых і фінансавых санкцыяў Эўразьвязу адносна Беларусі, якія былі ўведзеныя з прычыны жорсткага здушэньня пратэстаў у Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Сэрбскія санкцыі адносна Беларусі дзейнічалі да рашэньня Эўразьвязу скасаваць асноўныя санкцыі, прынятага ў сакавіку 2016 году.
  • Сумарныя сэрбскія інвэстыцыі ў Беларусь складаюць каля 900 мільёнаў даляраў. Сэрбская кампанія Dana Holding сэрбскіх алігархаў — братоў Багалюба і Драгаміра Карычаў рэалізуе ў беларускай сталіцы некалькі будаўнічых праектаў, сярод іх самыя буйныя — «Маяк Менску» і «Менск-мір». Заходняя прэса называла Карычаў асабістымі банкірамі сям’і сэрбскага лідэра Слабадана Мілошавіча, якога Гааскі трыбунал судзіў за ваенныя злачынствы ў Косаве.
  • У Беларусі праекты Dana Holding выклікаюць крытыку, кампанія мае вельмі спрыяльны рэжым працы, нярэдка не беручы пад увагу інтарэсы жыхароў навакольных дамоў, зь якімі прыходзяць у супярэчнасьць будаўнічыя пляны кампаніі.