«Дзевяностыя forever» – новы відэацыкль Свабоды. Абвяшчэньне незалежнасьці і інтэграцыя з Масквой, дэмакратызацыя і рэпрэсіі, закон аб мовах і русыфікацыя, гіпэрінфляцыя і ўласныя грошы, візыт амэрыканскага прэзыдэнта і гвалтоўныя зьнікненьні – 1990-я ў Беларусі былі рознымі для розных людзей. Яны даўно мінулі, але іх дасягненьні і іх памылкі ўплываюць на сёньняшняе жыцьцё.
19 верасьня 1991 Вярхоўны Савет Беларусі надаў гербу “Пагоня” і бел-чырвона-беламу сьцягу статус дзяржаўных сымбаляў.
Абмяркоўваюць Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.
Сьцісла:
- Пытаньне аб наданьні гербу «Пагоня» і бел-чырвона-беламу сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў было ўнесенае ў парадак дня нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савета па прапанове дэпутатаў Апазыцыі БНФ.
- У першыя дні сэсіі ў фае Дома ўраду на просьбу Зянона Пазьняка мастакі суполкі «Пагоня» зрабілі выставу, прысьвечаную гісторыі «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга.
- 18 верасьня 1991, за дзень да галасаваньня за сымбалі, Станіслаў Шушкевіч быў абраны старшынём Вярхоўнага Савета (зь ім канкураваў Вячаслаў Кебіч). Шушкевіч спрыяў, каб нацыянальныя сымбалі атрымалі статус дзяржаўных.
- Увосень 91-га былая камуністычная намэнклятура адышла ад пасьляпутчаўскага шоку, і прыняцьце нацыянальнай сымболікі адбывалася значна больш складана, чым абвяшчэньне незалежнасьці 25 жніўня.
- Калі б пытаньне адклалі на месяц — прыняць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг, магчыма, ужо не атрымалася б (як не атрымалася прыняць гімн).
- У справе зацьвярджэньня «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга ў якасьці дзяржаўных сымбаляў дэпутатам давялося галасаваць некалькі разоў і нават уносіць зьмену ў Канстытуцыю, у выніку рашэньне было прынята «голас у голас».
- У той жа дзень, 19 верасьня 1991, краіна атрымала іншую назву — Рэспубліка Беларусь (дэпутаты Апазыцыі БНФ прапаноўвалі — проста «Беларусь», без «рэспубліка»).