У Менску пасажыр хацеў купіць талёнчык у кіроўцы, а ў адказ атрымаў дулю. ВІДЭА

Ілюстрацыйнае фота. Аўтобус у Менску

Пасажыр сталічнага аўтобуса № 73 Аляксандар Ю. хацеў купіць талёнчык у кіроўцы, а замест гэтага ўбачыў «канструкцыю з трох пальцаў». Відэа інцыдэнту хлопец разьмясьціў у інтэрнэце, піша Tut.by.

Аўтар роліка расказаў, што 30 лістапада каля 20.00 ехаў на аўтобусе 73-га сталічнага маршруту і на прыпынку зьвярнуўся па квіток да кіроўцы зь дзесяцірублёвай купюрай — драбнейшых грошай у яго не было.

«На што кіроўца адказаў, што здачы няма, і прапанаваў ехаць „па факце“. Я спытаў, што гэта значыць, на што атрымаў адказ: „Трэба было ў школе вучыцца, каб не задаваць тупыя пытаньні“. Я прамаўчаў, але сфатаграфаваў картку кіроўцы. Калі кіроўца ўбачыў, што я фатаграфую яго картку, ён проста выбухнуў — стаў крычаць і паказаў канструкцыю з трох пальцаў. Потым выскачыў з кабіны і, гледзячы на пасажыраў, шукаючы падтрымкі, працягнуў гарлапаніць, што я яго правакую, што пагражаю бясьпецы руху і цяпер ён выкліча міліцыю», — напісаў пасажыр у камэнтары пад ролікам.

У ГП «Менсктранс» Auto.tut.by паведамілі, што даручылі аўтапарку разабрацца ў сытуацыі, але дадалі, «што кіроўца ў любым выпадку не павінен быў сябе так паводзіць».

У аўтобусным парку № 6, якому належыць аўтобусны маршрут № 73, сказалі, што на высьвятленьне абставінаў канфлікту адводзіцца 10 дзён, «але як бы там ні было, кіроўца будзе пакараны».