Украінская грыўня заняла першае месца сярод сусьветных валютаў, якія найбольш узмацнілася адносна даляра. Ад пачатку студзеня яе цана вырасла на 15,6%, забясьпечыўшы такім чынам найлепшую пазыцыю за апошнія чатыры гады, піша Rzeczpospolita.
Рост грыўні быў большым за рост золата (13,5%) і срэбра (9,4%). Аднак украінская валюта ўсё яшчэ слабейшая, чым да пачатку вайны на Данбасе. У пятніцу за 1 даляр трэба было заплаціць 23,9 грыўні, у той час як напрыканцы 2013 года курс складаў 10 грыўняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк панізіў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2019 годзеСёлетняе ўмацаваньне грыўні тлумачыцца найперш паляпшэньнем эканамічнай сытуацыі ва Ўкраіне, якая апынулася ў малой групе краін, якім міжнародныя ўстановы палепшылі цягам апошніх месяцаў эканамічныя прагнозы.
Калі ў 2018 годзе ВУП Украіны вырас на 3,3%, то на гэты год Сусьветны банк павялічыў свой прагноз з 2,7 да 3,4%. Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны чакае, што рост ВУП складзе нават 4,8%.
Як тлумачыць аналітык Jamestown Foundation Алег Варфаламееў, эканамічны рост зьвязаны з рэкордным жнівом сёлета і летась, а таксама з ростам заробкаў. Да павелічэньня заробкаў украінскіх працадаўцаў матывавала вялікая працоўная міграцыя з краіны.
Але Ўкраіна ўсё яшчэ застаецца адной з найбяднейшых краін Эўропы. ВУП на душу насельніцтва, паводле МВФ, складае там $9,8 тысяч. У Беларусі – 20,6 тысяч, у Румыніі – 28 тысяч, а ў Польшчы 33,9 тысяч.