Кліматычная норма зімы для Беларусі скарацілася на тыдзень

Сьнег у Менску, 7 сакавіка 2017 году

У Беларусі ў 2019 годзе своечасова пачалася кліматычная зіма, расказаў агенцтву «Минск-новости» начальнік службы прагнозаў Гідрамэтцэнтру Аляксандар Бяганскі. Але за апошнія 30 гадоў зіма скарацілася.

Пачаткам кліматычнай зімы лічыцца час, калі сярэднядзённая тэмпэратура апускаецца ніжэй за 0°С. На поўначы Беларусі гэта звычайна адбываецца ў пачатку другой дэкады лістапада, у Менску — у канцы другой дэкады, на паўднёвым захадзе — бліжэй да канца лістапада, у Берасьці — у пачатку сьнежня. Сёлета зіма прыйшла «блізка да сваіх сярэдніх тэрмінаў», кажа Бяганскі.

Але кліматычная зіма скарачаецца: за апошнія 30 гадоў яна зьменшылася на 5–8 дзён ад нормы. Цяпер яна цягнецца звыш 100 дзён на паўночным усходзе, каля 85–95 дзён у цэнтры і на паўночным захадзе, усяго 65 дзён — на паўднёвым усходзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінаград і кавуны, мінус месяц зімы. Што будзе зь беларускім кліматам праз 20-30 гадоў

Калі 15–20 гадоў таму сьнег ляжаў са сьнежня да пачатку сакавіка, то цяпер колькасьць дзён са сьнежным покрывам скарачаецца даволі інтэнсіўна, на 5–11 дзён па краіне, у некаторых раёнах скарацілася аж на 20 дзён.

Якой сёлета будзе зіма, Гідрамэтцэнтар не бярэцца прадказваць: такія прагнозы недакладныя, прадказаць могуць хіба бліжэйшыя 6 дзён. І на бліжэйшы дні прагназуюць мінусавую тэмпэратуру па начах, плюсавую ўдзень, з магчымым мокрым сьнегам і ўтварэньнем вобліва, галалёдзіцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская Грэта» з Камароўкі. Чаго дамагаецца экалягічная актывістка