1 сьнежня Белы дом паведаміў Камітэту юстыцыі Палаты прадстаўнікоў, што ня мае намеру ўдзельнічаць у слуханьні ў пытаньнях імпічмэнту прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
Адпаведны ліст адваката Белага дома Пэта Сыпалонэ да старшыні камітэта Джэральда Надлера апублікавала выданьне Politico.
«Як вядома, гэтае беспадстаўнае і аднапартыйнае расьсьледаваньне супярэчыць гістарычнай практыцы, працэсуальнаму праву і справядлівасьці. Нельга чакаць нашага ўдзелу ў слуханьнях, пакуль ня будуць названыя сьведкі і ня стане вядома, ці юрыдычны камітэт забясьпечыць прэзыдэнту справядлівы працэс шляхам дадатковых слуханьняў», — гаворыцца ў лісьце.
Сыпалонэ таксама абвінаваціў старшыню камітэту ў прызначэньні слуханьняў 3–4 сьнежня, калі заплянаваная паездка Дональда Трампа на саміт NATO ў Лёндан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трампа запрасілі ў Кангрэс на слуханьні аб імпічмэнцеРаней Камітэт у пытаньнях правасудзьдзя Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША заклікаў прэзыдэнта Дональда Трампа і яго прадстаўнікоў прыняць удзел у наступных слуханьнях справы пра ягоны імпічмэнт, якія адбудуцца 4 сьнежня.
У ЗША ідзе расьсьледаваньне магчымасьці імпічмэнту Трампа на падставе абвінавачаньня яго ў ціску на прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з мэтаю прычыніць шкоду свайму палітычнаму апанэнту Джо Байдэну.
Дэмакраты ў Кангрэсе разглядаюць гэта як злоўжываньне паўнамоцтвамі.
Трамп называе расьсьледаваньне «паляваньнем на вядзьмарак», спасылаючыся на стэнаграму сваёй размовы зь Зяленскім як доказ, што ён не парушыў ніякага закону. Рэспубліканцы падтрымліваюць прэзыдэнта.