Шушкевіч, Сурвіла, Анісім, Беленькі, Кастусёў, Севярынец. Хто яшчэ падпісаў заяву аб пагрозе незалежнасьці

Падпісанты Віленскага мэмарандуму 2012 году, прадстаўнікі дэмакратычных партыяў, рухаў, грамадзянскай супольнасьці Беларусі разам з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі прынялі сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі».

Палітыкі і грамадзскія дзеячы зьвярнулі ўвагу беларускага народу і міжнароднай супольнасьці на «небясьпечны намер кіраўнікоў Расеі і Беларусі Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі падпісаць 8 сьнежня сёлета дамовы, якія замацоўваюць залежнасьць Беларусі ад Расеі ды патэнцыйна пагражаюць самому далейшаму існаваньню Беларусі як незалежнай сувэрэннай дзяржавы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сямашка: кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся пра адзіны парлямэнт і ўрад

Нагадаўшы, што «беларускі народ стагодзьдзямі змагаўся за сваю незалежную дзяржаўнасьць, паклаўшы ў барацьбе спачатку з Расейскай, а затым з камуністычнай савецкай імпэрыяй незьлічоную колькасьць жыцьцяў», падпісанты падкрэсьлілі, што «лёсавызначальныя для беларускага народу пагадненьні рыхтуюцца ў поўнай сакрэтнасьці, без якіх бы ні было кансультацыяў з прадстаўнікамі грамадзкасьці. Ніводзін праект дакумэнта не апублікаваны. Нават «дэпутаты парлямэнту« ня здолелі атрымаць хаця б мінімальную інфармацыю ад ураду Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня мае палітычнага кампанэнту, не пагражае сувэрэнітэту», — Мінэканомікі пра «паглыбленьне інтэграцыі»

Аўтары заявы зьвяртаюць увагу на тое, што прыхільнікі беларуска-расейскай інтэграцыі спасылаюцца на праведзены ў Беларусі рэфэрэндум, адным з пытаньняў якога была эканамічная інтэграцыя з Расеяй. «Але рэфэрэндум быў прызначаны насуперак Канстытуцыі і заканадаўству, у тым ліку шляхам зьбіцьця збройнымі падразьдзяленьнямі спэцслужбаў дэпутатаў апазыцыі непасрэдна ў залі парлямэнту, ён праходзіў з шматлікімі фальсыфікацыямі і не зьяўляецца сапраўдным волевыяўленьнем беларускага народу», – гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным


Таксама адзначаецца, што «ад моманту абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам у 1994 годзе, у Беларусі не было свабодных і справядлівых выбараў, а ў лістападзе 1996 адбыўся канстытуцыйны пераварот і парлямэнт быў гвалтоўна распушчаны. У часе апошняй выбарчай кампаніі ў «палату прадстаўнікоў» значная частка непраўладных кандыдатаў не была дапушчаная да рэгістрацыі, нідзе назіральнікі не былі дапушчаныя да падліку галасоў, на шмат якіх участках зафіксаваныя іншыя парушэньні. У «парлямэнт» не прапушчаны ніводзін непраўладны кандыдат. Такім чынам, у Беларусі няма легітымнай заканадаўчай улады, а значыць, любыя дамовы, падпісаныя цяперашняй уладай, апрыёры неканстытуцыйныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патаемная інтэграцыя. Чаму маўчыць сьпікер Андрэйчанка


Аўтары заявы нагадваюць пра добраахвотную адмову Беларусі ад ядзернай зброі ў пачатку 1990-х гадоў і прыгадваюць Будапэшцкі мэмарандум, паводле якога ЗША, Вялікая Брытанія і Расея далі Беларусі гарантыі сувэрэнітэту. «Аднак абмежаваньне сувэрэнітэту Беларусі аж да пагрозы інкарпарацыі з боку Расеі, якая пад уладай Пуціна вядзе палітыку агрэсіўнай ваяўнічай імпэрыі, можа стварыць прынцыпова іншую і вельмі небясьпечную геапалітычную сытуацыю ў Эўропе: расейскае войска апынецца на 600 кілямэтраў бліжэй да эўрапейскіх сталіц» – адзначаецца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікаваны тэкст Віленскага мэмарандуму апазыцыі

Падпісанты пацьвердзілі пазыцыю, якая была заяўленая ў Віленскім мэмарандуме 2012 году: «Суб’ектам і першасным гарантам незалежнай дзяржаўнасьці Беларусі і нацыянальна-культурнай пэрспэктывы беларусаў ёсьць сам беларускі народ, які павінен сьцьвярджаць сваю палітычную волю ва ўмовах свабоды« і заклікалі дэмакратычныя краіны сьвету «асудзіць любыя спробы Расейскай Фэдэрацыі абмежаваць сувэрэнітэт Беларусі, выкарыстоўваючы адсутнасьць у Беларусі дэмакратычна выбранай улады, а таксама выступіць з ініцыятывай гарантыяў незалежнасьці Беларусі на міжнародна-праўнай аснове».

Заяву падпісалі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, старшыня ТБМ Алена Анісім, былы старшыня Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, Вінцук Вячорка і Анатоль Лябедзька, сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая, выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў.

Паведамляецца, што заява адкрытая да падпісаньня.