Пра гэта заявіў прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару. Ягоныя словы цытуе Associated Press.
Прэзыдэнт Бразіліі Жаір Балсанару абвінаваціў актора Леанарда Ды Капрыё ў фінансаваньні арганізацыяў, якія ўчыняюць падпалы ў лясах Амазоніі.
Заўвагі Балсанару пра амэрыканскага актора былі часткай шырокай урадавай кампаніі супраць экалягічных некамэрцыйных групаў, якія дзейнічаюць у Бразыліі.
«Ды Капрыё — клясны хлопец, ці ня так? Даваць грошы, каб падпаліць Амазонку», — заявіў прэзыдэнт Бразыліі. Ніякіх доказаў ён не прыводзіў.
Прыродаахоўная арганізацыя «DiCaprio» Earth Alliance паабяцала 5 мільёнаў даляраў на дапамогу абароне Амазонкі пасьля таго, як у ліпені і жніўні ў выніку пажараў зьнішчана вялікая частка трапічных лясоў.
Але, паводле Ды Капрыё, ягоная група пакуль не фінансавала названыя арганізацыі.
Прэзыдэнт Бразыліі не ўпершыню бяздоказна абвінавачвае некамэрцыйныя групы ў распальваньні пажараў у Амазоніі.
У жніўні, у разгар міжнароднай рэакцыі на амазонскія пажары, Балсанару сказаў пра «інфармацыйную вайну ў сьвеце супраць Бразыліі» і звольніў кіраўніка ўрадавага інстытуту касьмічных дасьледаваньняў, які праводзіць маніторынг высечкі лясоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці вы хочаце, каб Ды Капрыа далі Оскара? Апытаньне ў Маскве