Полацкі суд 29 лістапада вынес рашэньне арыштаваць на 15 сутак грамадзкага актывіста і блогера Алеся Круткіна за рэпост ў фэйсбуку. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт «Віцебская вясна».
Судзьдзя Віктар Баліка палічыў, што перапост ад 12 лістапада ўтрымліваў «заклік на незаконнае мерапрыемства на Кастрычніцкай плошчы ў Менску».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогераў папярэдзілі: не хадзіць на акцыю ў Менску. Яны не хадзілі, а іх выклікалі ў судНапярэдадні, 28 лістапада, Алесь Круткін сам пайшоў у Полацкі раённы аддзел унутраных спраў, каб забраць свае мабільныя тэлефоны, якія былі канфіскаваныя па ранейшых адміністрацыйных справах. Але ў міліцыі блогера затрымалі — на падставе адміністрацыйнай справы паводле артыкулу пра парушэньне арганізацыі масавага мерапрыемства. Актывіст правёў ноч у полацкім ізалятары часовага ўтрыманьня, але ў суд яго з раніцы не прывезьлі. Мясцовыя актывісты знайшлі яго ў Полацкім РАУС, змаглі перадаць яму ежы.
Справу ў Полацкім судзе пачалі разглядаць толькі ў 14.15. Круткіна абвінавацілі ў тым, што ён 12 лістапада перапосьціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведамленьне «з заклікам на незаконную акцыю». Блогер зрабіў перапост інфармацыі з групы «Эўрапейская Беларусь» пра перадвыбарчы мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 15 лістапада.