У цэнтры Лёндану адбыўся інцыдэнт, паведамляецца пра параненых. Паліцыя, якая прыбыла на месца здарэньня, адкрыла агонь, адзін чалавек затрыманы.
Паводле папярэдніх дадзеных, на Лёнданскім мосьце мінакі ўступілі ў канфрантацыю зь нейкім чалавекам. Прадстаўнікі паліцыі паведамілі, што да іх каля 2 гадзін дня паступіў выклік у сувязі з нападам чалавека, узброенага нажом. На месца здарэньня прыбыла паліцыя і адкрыла агонь.
Крыніцы газэты The Guardian кажуць, што нападнік быў паранены. Паводле выданьня параненыя пяць чалавек, некаторыя — у цяжкім стане. Служба хуткай дапамогі назвала гэта «сур’ёзным здарэньнем».
Гарадзкая паліцыя паведаміла, што схільная разглядаць інцыдэнт як зьвязаны з тэрорам.
Вакол моста былі ўсталяваныя паліцэйскія кардоны, мост зачынены. Да расьсьледаваньня прыцягнута контртэрарыстычнае падразьдзяленьне Скотланд-Ярду.
Супрацьстаяньне зьнялі на відэа мінакі.