З васьмі гадоў Хрысьціна пакутуе на дэпрэсію і абсэсіўна-кампульсіўны разлад. Але да 18 гадоў яна хавала гэта нават ад самых блізкіх.
«Навокал усе думалі, што я проста сарамлівая дзяўчына, якая любіць кнігі і спакой». Ніхто не заўважаў, якія страшныя пэрыяды перажывала дзяўчына. Яна не магла ўстаць з ложка, спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам, а часам баялася, што калі не пастукае 3 ці 9 разоў па дрэве, яе блізкія памруць (сымптом абсэсіўна-кампульсіўнага разладу).
Калі Хрысьціна ўпершыню зьвярнулася па дапамогу спэцыялістаў, ёй прапанавалі шпіталізацыю, але спачатку яна зьбегла і не змагла на гэта наважыцца. Толькі з падтрымкай блізкага сябра і добрага псыхатэрапэўта ўдалося падабраць лячэньне, адпаведнае дыягназам. Ня зь першага, не з другога і ня з трэцяга разу, але Хрысьціна ўвайшла ў рэмісію.
«Нібыта за табой увесь час гоніцца монстар зь імем Дэпрэсія, і ён можа цябе ў любы момант ухапіць», — пакуль рабіць далёкія пляны на будучыню Хрысьціна ня бярэцца, але для сябе яна вырашыла, што гатовая ў праекце «Партрэт» расказаць пра свой вопыт, бо, магчыма, гэта некаму дапаможа.
«Людзі могуць увогуле нічога не заўважаць, а чалавек можа быць на мяжы суіцыду. І лепей вы задасьцё адно пытаньне, чым здарыцца непапраўнае»
Праект «Партрэт» — гэта адкрытыя творчыя сэсіі, дзе мастакі (мастачкі) малююць партрэт галоўнага героя сустрэчы: чалавека, у якога ёсьць псыхічны разлад. Гэта першы псыхаактыўны праект у падтрымку людзей з псыхіятрычным дыягназам, арганізаваны менскім клюбным домам «Адкрытая душа», пры інфармацыйнай падтрымцы Радыё Свабода і падтрымцы культурнага цэнтру «Корпус».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зь мяне выганялі дэманаў». Як жыве чалавек зь біпалярным разладам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ня ўмеюць праяўляць эмоцыі і п’юць, як скандынавы, — псыхіятар