«Паставіла крыж на сваім жыцьці». Як жанчына пад Браславам даглядае хворых коней

У дзяцінстве Алена спачатку села конна, а пасьля навучылася хадзіць. Цяпер яна жыве на дзедавай зямлі і даглядае коней, якіх сьпісалі зь вялікага спорту і цыркавой арэны. Агароды сталі пашай. Дом, дзе Алена вырасла, — стайняй.

«Першы раз на каня мяне пасадзіў дзед»

Алене — 42. Яна адзіная, хто стала жыве ў Якубя́нцах пад Браславам. У вёсцы дзеда і бабулі праходзіла яе дзяцінства.

«Яны ўсё жыцьцё лесьнікамі адпрацавалі. На працу ў лес — на кані, — расказвае Алена. — Раней тут нічога не было. Бліжэйшая дарога адсюль за тры кілямэтры. Дзед нас вазіў на кані на аўтобус да Браслава. І заўсёды сустракаў».

Ад вёскі да Браслава — 15 кілямэтраў, да латвійскай мяжы — трошкі больш за дзесяць, возера Снуды — цераз дарогу. Шэраг дамоў на азёрным баку вёскі выкупілі дачнікі. Два надзелы на супрацьлеглым баку, бліжэй да лесу, побач зь дзедавым домам выкупіла Алена. Коней выгульваць.

Езьдзіць конна Алена пачала раней, чым навучылася хадзіць.

«Першы раз на каня мяне пасадзіў дзед, — узгадвае яна. — У нас быў Юрка, стары-стары конь калматы».

«Утрымала свабода. І вырашылі паспрабаваць застацца»

Школьніцай Алена скардзілася ў «Піянэрскую праўду», што ў Браславе няма коннай сэкцыі. Адказ прыйшоў ад майстра па конным спорце. Але не з запрашэньнем на вучобу, а з заклікам ня кідаць сваёй мары. Алена працягвала езьдзіць зь дзедам у ваколіцах Якубянцаў. Магчымасьць заняцца яздой прафэсійна зьявілася ў Маскве, куды Алена паехала вучыцца на псыхоляга.

«Стайняў там вельмі шмат. Я пачала займацца. Рыхтавала коней да спаборніцтваў. Сяброўка пераканала, што мне патрэбны свой конь. Я доўга ўпарцілася. І вось ён — конь-агонь, — блізка падысьці да Юпітэра можа толькі гаспадыня. — Гэта жарабец. Латвійскі цеплакроўны. Былі амбіцыі. Думала, у спорце нешта зможам. Але Юпітэр няўдала зламаў нагу. Конь можа скакаць, але калі яго сурʼёзна ўводзіць у працу, ён будзе пэрыядычна кульгаць».

Ад вялікага спорту Алена адмовілася. Шэсьць гадоў таму яны зь Юпітэрам вярнуліся ў Якубянцы.

«Калі дзеда ня стала, бабуля моцна захварэла, — працягвае яна. — Давялося вяртацца і глядзець яе. Пасьля сьмерці бабулі, здавалася, у Якубянцах больш нічога не трымае. Утрымала свабода. І вырашылі паспрабаваць застацца.

«Яны тут, таму што хтосьці больш ня ў стане даглядаць іх — ні фінансава, ні маральна»

Алена зарэгістравала фэрмэрскую гаспадарку «Гарбунок» і пашырыла землі для выпасу да некалькіх гектараў. Цяпер у яе дзевяць коней.

«Яны тут, таму што хтосьці больш ня ў стане даглядаць іх — ні фінансава, ні маральна». Гадаванцы Алены — альбо цыркавыя коні, альбо сьпісаныя з алімпійскага рэзэрву ў Ратамцы. Заставацца ў спорце ім больш не дазваляе альбо хвароба, альбо ўзрост.

Джэк асьлеп трохгадовым пасьля высокіх скачкоў у цырку, які трымалі джыгіты. Дрэсіроўшчыца пашкадавала яго, выкупіла і даглядала дзесяць гадоў. Апошнія два гады ён жыве ў Якубянцах. Руды Сігурд — самы стары з коней Алены. Яму 25 гадоў. Ён бегаў у Ратамцы, а цяпер мае хворыя ногі.

Толькі два зь дзевяці коней застаюцца на пастоі — іх знаходжаньне ў Якубянцах аплачваюць былыя гаспадары. Астатніх Алена ўтрымлівае на ўласныя сродкі. У доме, дзе яна вырасла, цяпер стайня. Замест пакояў — стойлы на сем месцаў.

У другой, меншай стайні жывуць два поні зь менскага цырку і сьляпы канкурны Вэст.


«Быў момант, калі набылі кармы, а на сябе нічога не засталося»

Па словах гаспадыні, корм — найвялікшы клопат.

«Ямо мы шмат, — усьміхаецца яна. — Зерне раней оптам набывалі. А цяпер у краме — пакрыху. Мяшок аўса каштуе 17 рублёў, мяшок вотрубʼя — 9. Гэтага хапае на тры дні. Рулён сена каштуе 50 рублёў. Яго зьядаюць дні за чатыры. Сёлета не змагла сена адразу аплаціць. Цяпер памалу аддаю доўг. Летам, калі ёсьць трава, з харчаваньнем прасьцей. Затое коней даймаюць сьлепні. Зь ліпеня і да лістапада ў рацыёне ёсьць яблыкі».

Акрамя коней, у Якубянцах жывуць і іншыя жывёлы.

«Быў момант, калі мы набылі на зіму кармы, а на сябе нічога не засталося. У доме нават гарбаты не было, — узгадвае Алена. З тае пары ў Якубянцах вялікая гаспадарка. Чарада авечак, тузін коз, бык, цялушка, шасьцёра гусей, зь дзясятак катоў і 45 сабак. Апошніх Алена шкадуе, падбірае на вуліцы, выходжвае і аддае ў добрыя рукі. Але забіраюць іх рэдка, і сабакі вялікай кампаніяй застаюцца на фэрме.

У ваколіцах ведаюць пра Якубянцы. Гаспадыня прыдарожнай кавярні «Струсьцянскі прытулак» каля суседняга возера Струста разы два на тыдзень прывозіць жывёлам ежу.

«Мае жывуць на кармах, а яна ім варыць рознае смакоцьце. Сабакі машыну ўжо ведаюць. Яна ў Бу́лавішках (першая перад Якубянцамі вёска. — РС), а яны ўжо да агароджы бягуць, — сьмяецца Алена».

«Коні ж не папярэджваюць. Звычайна пачынаюць хварэць уначы і зьнянацку»

Сваіх гадаванцаў Алена лечыць сама. За столькі гадоў з жывёламі яна амаль не зьвяртаецца да паслуг вэтэрынара. За выключэньнем складаных выпадкаў. Два гады таму ў Юпітэра здарылася запаленьне лёгкіх. Каню спатрэбіліся моцныя антыбіётыкі, вітаміны, супрацьзапаленчыя сродкі.

«За суткі трэба было ў яго дзесяць літраў заліць. Угаварыць пад кропельніцай тройчы на дзень пастаяць і ўкалоць. Апошнюю кропельніцу ставілі каля другой гадзіны ночы, а раніцай зноў падʼём. І так паўтара месяца, — узгадвае Алена. — У нас скончыліся надзея, сілы, грошы. А ён не жыве і не памірае. Урэшце знайшлі канявоз і павезьлі ў клініку. Жывы».

Коні часьцей пачынаюць хварэць увосень. Алена падтрымлівае неабходную колькасьць мэдыкамэнтаў круглы год.

«Усё купляю ў звычайнай аптэцы. Але заўжды ёсьць пытаньні з абʼёмамі. Аднойчы спытала ў правізара 20 літраў фізраствору. На мяне паглядзелі, як на дзівачку. Фізраствор, сапраўды, вёдрамі ідзе. Таму, калі што патрэбна, пачынаеш абʼяжджаць усе аптэкі ў раёне. Купляць у запас. Коні ж не папярэджваюць. Звычайна пачынаюць хварэць уначы і зьнянацку».

«Гэта маё, і ніхто не прымушаў мяне гэтым займацца»

Такую гаспадарку ўтрымліваць няпроста. Якубянцы стаяць на беразе аднаго з найпрыгажэйшых азёр Браслаўшчыны. Аднак тых Снудаў Алена практычна ня бачыць. Працоўны дзень тут пачынаецца а шостай. Драбнейшую жывёлу трэба пакарміць і бегчы ў стайню. Пасьля сьняданку трэба коней расчасаць, убраць адпаведна надворʼю і вывесьці ў поле. Пакуль коні гуляюць, Алена чысьціць стайні. Гэта расьцягваецца прыкладна да чацьвёртай гадзіны. У другой палове дня паўтараецца прыкладна тое ж самае.

«Я са стайняў сыходжу пасьля адзінаццатай. А калі капыты расчышчаю, і да гадзіны, бывае, затрымаюся, — кажа Алена. — Мне сорамна скардзіцца і прасіць дапамогі. Гэта маё, і ніхто не прымушаў мяне гэтым займацца».

Проста Алена моцна любіць жывёл. Калматую Люсі, якая больш не давала рады спартовым нагрузкам, прывезьлі з Ратамкі на пастой у «Грынклаб» — аграсядзібу на беразе Снудаў, дзе Алена некалькі гадоў працавала конюхам і бэрэйтарам. Гаспадары вырашылі вучыць турыстаў езьдзіць конна і набылі трох коней. Ідэя аказалася стратнай, і стайню закрылі. Двух коней Алена забрала сабе. Разам зь Люсяй у Якубянцы прыехаў валійскі поні па мянушцы Пупс. У «Грынклабе» ён катаў дзяцей.

Працуе Пупс і ў Якубянцах — Алена дае прыватныя ўрокі коннай язды дзецям і дарослым.


«Усё, што зарабляем, укладаем сюды, — кажа яна. — Падпісаўшыся пад такое, ты ставіш крыж на сваім жыцьці. Груба кажучы, гэта дзяржава ў дзяржаве. Поўная ізаляцыя. Адʼехаць некуды — на гадзіну-другую. Больш нельга. Часам здараюцца хвіліны слабасьці. Але я люблю тое, што ў мяне ёсьць. Не магу іх пакінуць. Каму яны будуць патрэбныя? Пойдуць на каўбасу».

Ужо шэсьць гадоў Алена не пакідае дзедавай зямлі: «Мне прасьцей так: яны тут гуляюць, жывуць. Ім добра, і мне добра».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы беларусаў дапамаглі адбудаваць прытулак для траўмаваных птушак. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адна раніца з жыцьця Ўладзя, які за сэзон вырошчвае 50 тон элітнай гародніны на Браслаўшчыне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як гаспадыня браслаўскай кавярні ўвасобіла мару беларускіх «адраджэнцаў» 1990-х
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журавіны ў цукровай пудры: як у Глыбокім вырабляюць беларускі супэрфуд