Прынамсі 33 чалавекі загінулі ў выніку сутыкненьняў паміж сіламі бясьпекі Ірака і антыўрадавымі пратэстоўцамі 28 лістапада. Гэты дзень стаў адным з самых крывавых з тых часоў, як пратэсты ў Іраку пачаліся каля двух месяцаў таму.
Ірацкія вайскоўцы 28 лістапада заявілі, што ў некалькіх правінцыях былі створаны «крызісныя цэнтры» для «навядзеньня парадку і бясьпекі».
Па меншай меры 25 чалавек загінулі 28 лістапада ў паўднёвым горадзе Насір, калі сілавікі ўжылі баявыя патроны і сьлезацечны газ, каб разблякаваць два масты, перакрытыя пратэстуючымі. Па паведамленьні мэдыкаў і бясьпекі службаў, мітынгоўцы падпалілі паліцэйскі ўчастак.
Паводле некаторых паведамленьняў, баявыя кулі таксама выкарыстоўваліся на мосьце Аграр у Багдадзе, калі пратэстоўцы спрабавалі трапіць у так званую «Зялёную зоны». Там размешчаныя будынкі парлямэнта і ўрада. Чатыры чалавекі загінулі.
Яшчэ чатыры чалавекі загінулі ў сутыкненьнях у паўднёвым горадзе Наджаф. Раззлаваны натоўп падпаліў консульства Ірана, скандуючы «Іран, прэч з Ірака». Супрацоўнікі консульства пасьпелі пакінуць яго, перш чым пратэстоўцы штурмавалі будынак.
Хоць пратэст у першую чаргу выкліканы ўнутрыірацкімі праблемамі, шмат хто з удзельнікаў пратэстаў выказвалі незадаволенасьць уплывам Ірана на ўнутраныя справы Ірака.
Пратэсты пакуль не прыпынілі і абяцаньні прэм’ер-міністра Адэля Абдэль Махдзі зьмяніць склад свайго кабінэта, зьменшыць зарплаты чыноўнікам і зьменшыць беспрацоўе.
Пратэсты ў Іраку працягваюцца з 1 кастрычніка 2019 года. Іх удзельнікі незадаволеныя недахопам працоўных месцаў, перабоямі ў падачы электраэнергіі, недахопам чыстай вады, дрэннай адукацыяй, аховай здароўя, а таксама агульнай карупцыяй.
Усяго з пачатку пратэстаў у Іраку загінулі каля 350 чалавек, тысячы былі параненыя.
Ірак зьяўляецца пятым па велічыні вытворцам і экспартэрам нафты ў сьвеце. У той жа час, паводле ацэнак, каля 20% насельніцтва краіны жывуць у беднасьці. Беспрацоўе сярод моладзі дасягае 25%, што ўдвая больш, чым у цэлым па краіне.